Сямашка: Першы блок БелАЭС прымуць у прамысловую эксплуатацыю неўзабаве



Першы энергаблок Беларускай АЭС будзе прыняты ў прамысловую эксплуатацыю найбліжэйшым часам, паведаміў пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка ў інтэрв’ю „Российской газете”, поўная версія якога апублікаваная 2 красавіка.

„Такога грандыёзнага праекта ў нас яшчэ не было, — заявіў дыпламат. — Ужо запушчаны ў доследна-прамысловую эксплуатацыю першы энергаблок. Найбліжэйшым часам камісія прыме яго ў прамысловую эксплуатацыю”.

„Другі блок мы разлічваем запусціць у ліпені 2022 года. Тады станцыя магутнасцю 2.400 мегават запрацуе на поўную магутнасць. Для нас гэта важна, гэта амаль 30% нашай электрагенерацыі”, — адзначыў Сямашка.

30 лістапада 2020 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 447, які загадвае ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС у 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблокавай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расіі паводле расейскага праекта ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 80%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).

Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. Зараз доўжыцца перыяд яго доследна-прамысловай эксплуатацыі.

belapan.by