Сямашка: Плата за роўмінг паміж Беларуссю і Расеяй будзе адмененая да канца 2021 года



 Плата за роўмінг паміж Беларуссю і Расеяй будзе адмененая да канца 2021 года, паведаміў пасол Беларусі ў Расіі Васіль Сямашка ў інтэрв’ю „Российской газете”.

Паводле яго слоў, з моманту адпаведнага даручэння прэзідэнтаў Расеі і Беларусі мінула тры з паловай гады. Гэты час пайшоў на тое, каб аператары сотавай сувязі дзвюх краін узгаднілі ўмовы працы, стварылі асобны канал сувязі, адпрацавалі праграмнае забеспячэнне.

„Але заўсёды ёсць нейкія памылкі, недапрацоўкі, якія нельга адразу ўлічыць. Самая галоўная рызыка — фрод (від тэлефоннага махлярства. — БелаПАН.). У лістападзе—снежні 2020-га правялі доследную эксплуатацыю інтэрканекту. З 1 лістапада па 31 снежня стаўка па інтэрканекце была зменшаная ў 20 разоў, кошт хвіліны размовы ў залежнасці ад аператара ўпаў у 3—7 разоў. Аднак блізу канца снежня і вашы, і нашы аператары пачалі казаць пра тое, што часу было мала — усяго два месяцы, не ўсё ўбачылі. Вырашылі працягнуць доследную эксплуатацыю яшчэ на год. Да канца 2021 года канчаткова будзе адмененая плата за злучэнне”, — сказаў Сямашка.

Перамовы аб адмене роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расея вядуць з 2017 года.

20 снежня 2019 года бакі падпісалі дарожную карту аб рэалізацыі рэзалюцыі Вышэйшага дзяржсавета СД, якой замацаваныя мерапрыемствы па змене ўмоў узаемадзеяння аператараў сувязі, мерапрыемствы антыманапольнага рэагавання, а таксама мерапрыемствы па выяўленні і спыненні фроду (махлярства) на сетках электрасувязі.

belapan.by