Сямашка: Тарыф на цеплавую энергію трэба падвысіць у 6 разоў



Каб энергетыкам выйсці на нулявую рэнтабельнасць, тарыф на цеплавую энергію трэба павысіць у шэсць разоў, заявіў журналістам 21 кастрычніка ў Гомелі віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка, які прыняў удзел у цырымоніі запуску Гомельскай ЦЭЦ-1 пасля рэканструкцыі.

Паводле яго слоў, калі будзе ліквідаванае перакрыжаванае субсідаванне, то можна, напрыклад, знізіць нагрузку на прадпрыемства адразу на 4,5 цэнта за кВт•гадз. „Аднак зрабіць гэта імгненна нерэальна”, — перадае словы віцэ-прэм’ера прэс-служба ўрада.

Сямашка адзначыў, што сёння насельніцтва за спажываную цеплавую энергію ў зімовы час плаціць толькі 16,8% ад сабекошту. „Каб энергетыкам выйсці на нулявую рэнтабельнасць, тарыф неабходна павысіць у шэсць разоў. Хто вытрымае гэта, калі ў адзін момант падняць так тарыф? Менавіта на гэты момант звярнуў увагу прэзідэнт краіны падчас рэспубліканскага семінара аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны і паставіў нам задачу рабіць гэта паэтапна, гэта значыць, па меры росту заработнай платы, росту памеру пенсій і г.д. Над вырашэннем гэтай задачы мы і будзем цяпер працаваць”, — канстатаваў намеснік прэм’ер-міністра.

Ён падкрэсліў, што ліквідацыя перакрыжаванага субсідавання дазволіць знізіць фінансавую нагрузку на рэальны сектар эканомікі, паменшыць сабекошт выпусканай прадукцыі, павысіць яе канкурэнтаздольнасць. „Хачу яшчэ раз прывесці агульнавядомы факт. ААТ „МАЗ” плаціць зараз 11,3 цэнта за кВт•гадз электраэнергіі, а КамАЗ — 4,5 цэнта, МАЗ плаціць 268 долараў за 1 тыс. куб. м газу, а КамАЗ — 65. Таму пытанне стаіць у тым, што трэба шукаць спосабы, каб выраўнаваць умовы”, — адзначыў Сямашка.

belapan.com

Фота tut.by