Сямашка ўдакладніў цану расейскага газу для Беларусі
Кошт 1 тыс. куб. м расейскага газу для Беларусі ў 2018 годзе складзе 129 даляраў, паведаміў у інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1”, паказаным вечарам 16 красавіка, віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Гэтая лічба прагучала, калі намеснік кіраўніка беларускага ўрада каментаваў падпісаныя трыма днямі раней у Маскве дакументы, што рэгулююць узаемаадносіны дзвюх краін у нафтагазавай сферы.
„Гэтая цана будзе незалежна ад кан’юнктуры на газ і нафту ў свеце”, — запэўніў віцэ-прэм’ер. Паводле яго слоў, без дасягнутых дамоўленасцяў цана на газ складала б прыкладна 150 даляраў за 1 тыс. куб. м.
З 1 студзеня цана газу для Беларусі была вышэйшай за 141 даляр за 1 тыс. куб. м.
У 2019 годзе яна павінна скласці 127 даляраў. „Цана прывязаная да Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі”, — сказаў Сямашка.
Цэны на наступныя гады — 2020-2023 —павінны быць вызначаныя да 1 ліпеня 2019 года.
Сямашка таксама паведаміў, што з 18 красавіка пачнецца павелічэнне паставак расейскай нафты ў Беларусь з разлікам штогадовых 24 млн тон. Такі аб’ём разлічаны да 2024 года.
Пры гэтым Сямашка звярнуў увагу на некаторыя нюансы. Выключаная неабходнасць пастаўкі 1 млн т чыгуначным транспартам з-за высокіх тарыфаў. Гэта дазволіць Беларусі зарабіць сёлета 93 млн даляраў. Таксама выключаная неабходнасць пастаўкі Беларусі ў Расею 1 млн т высокаактанавага бензіну і дызпаліва. „Для нас гэта было нявыгадна, але мы рабілі гэта. У Расеі не хапала высокаактанавага паліва. Парк машын папаўняўся. Мы дапамагалі. Расейскія НПЗ выканалі пэўны тып мадэрнізацыі”, — сказаў Сямашка.