Сярэдні заробак у Беларусі зніжаецца другі месяц запар
Намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў кастрычніку склаў 1636,4 рубля, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
Месяцам раней беларусы зараблялі ў сярэднім 1637 рублёў (да выліку падаткаў), а ў жніўні памер сярэдняга заробку складаў 1665,5 рубля.
Менчане атрымліваюць больш за жыхароў рэгіёнаў. Сярэдні даход у сталіцы ў кастрычніку быў роўны прыкладна 2227 рублям, у параўнанні з вераснем ён знізіўся на 1,2 рубля.
Менш за ўсіх – 1344,3 рубля да выліку падаткаў – атрымлівалі работнікі Магілёўскай вобласці, страціўшы за месяц 2,3 рубля па гэтым паказчыку.
Па відах эканамічнай дзейнасці самымі высокааплатнымі работнікамі застаюцца спецыялісты ў сферы інфармацыі і сувязі – у сярэднім яны атрымалі ў кастрычніку 4453,9 рубля (у верасні было 4596,5 рубля). А самы маленькі сярэдні даход кастрычніка склаўся ў адукацыі – 1105,7 рубля.