Сярэдні заробак у студзені знізіўся больш чым на 80 рублёў
Сярэдняя студзеньская зарплата ў Беларусі ўпала да 720,7 рубля, паведамляе Белстат. Гэта на 80,9 рубля менш, чым у снежні мінулага года.
У пераліку на даляры па сярэднеўзважаным курсе Нацбанка сярэдні заробак беларусаў у мінулым месяцы склаў 370 даляраў. У снежні ён быў роўны 408 далярам.
У Менскай вобласці сярэдні заробак у студзені знізіўся да 723,7 руб. (-79,8 руб. ў параўнанні са снежнем), у Магілёўскай – да 612,6 руб. (-53,4 руб.), у Берасцейскай – да 608,7 руб. ( -94,1 руб.), у Гомельскай – да 646,1 руб. (-48 руб.), у Віцебскай вобласці – да 611,5 руб. (-57,8 руб.), у Гарадзенскай вобласці – да 606,6 руб. (-74 , 8 руб.), у Менску – да 1027,6 руб. (-124,2 руб.).
Зарплата рабочых і служачых у студзені склала 721,1 рубля. У снежні яна была на ўзроўні 802 рублёў.
Студзеньская зарплата звычайна меншая за снежаньскую. У канцы года работнікам звычайна выплачваюць гадавыя прэміі, што ўплывае на статыстыку. Да прыкладу, спецыялісты, якія занятыя фінансавай і страхавой дзейнасцю, у снежні атрымлівалі ў сярэднім 1 799,6 рубля, а ў мінулым месяцы -1360,9 рубля.
Нагадаем, у лістападзе мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сярэдні заробак у 2017 годзе трэба вярнуць на ровень 500 даляраў. Галоўная ўмова – адпаведны рост прадукцыйнасці працы. Апошні раз такі заробак беларусы атрымлівалі ў снежні 2014 года. Пазней міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі выказаўся, што заробак у 500 даляраў – «вельмі цяжкая задача”.
Заробак у 500 даляраў – „не завоблачная лічба і ня папулізм», а рэальна дасягальная ў гэтым годзе мэта, заявіў у канцы студзеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з навуковымі і навукова-педагагічнымі работнікамі.
Фота: Ежедневник