Сярэдняя зарплата ў Беларусі зніжаецца другі месяц запар



Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў верасні ў параўнанні са жніўнем знізілася на 9,3 рубля, або 0,8%, і склала 1.108,5 рубля. Такім чынам, зарплата змяншаецца другі месяц запар пасля двухмесячнага росту.

Як паведамляе Белстат, рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у верасні 2019 года ў параўнанні з вераснем 2018 года павялічылася на 8,6%.

Найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў традыцыйна была ў Менску — 1.516,2 рубля, найменшая — у Магілёўскай вобласці — 930,9 рубля. У Берасцейскай вобласці сярэдняя зарплата склала 971,3 рубля, у Віцебскай — 945,5 рубля, Гомельскай — 995,7 рубля, Гарадзенскай — 960,7 рубля, Менскай — 1.117,3 рубля.

Самі вялікі заробак па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у верасні 2019 года ён склаў 4.099,8 рубля. Самая маленькая зарплата была ў цырульнікаў — 597,1 рубля. Такім чынам, у мінулым месяцы ў IT-спецыялістаў сярэдняя зарплата была ў 6,9 разу больш, чым у работнікаў цырульняў і салонаў прыгажосці.

У катэгорыю найбольш высокааплатных уваходзяць: работнікі паветранага транспарту — іх сярэдняя зарплата ў верасні 2019 года склала 3.111,7 рубля (у тым ліку ў работнікаў пасажырскага транспарту — 3.311,5 рубля, грузавога — 1.752,4 рубля); работнікі горназдабыўной прамысловасці — 1.820,7; нафтаперапрацоўкі — 1.829,7; інжынеры-праекціроўшчыкі — 1.800,3; работнікі тэлекамунікацыйнай галіны — 1.740,7; хімічнай прамысловасці — 1.704; архітэктары, бухгалтары, юрысты — 1.623,3; работнікі галаўных арганізацый — 1.582,1; навукоўцы — 1.574,9; фінансісты і страхоўшчыкі — 1.551,9; аптавікі — 1.462,5; геолагі і картографы — 1.413,7 рубля.

Нізкая зарплата ў творчых і сацыяльных работнікаў — адпаведна 679 і 665 рублёў, работнікаў бібліятэк, музеяў, архіваў —- 646,1 рубля.

Сярэдняя вераснёўская зарплата работнікаў транспартнай сферы склала 1.127,8 рубля, прамысловасці — 1.174,4 рубля, будаўніцтва — 1.297,9 рубля, раздробнага гандлю — 907,6 рубля, аховы здароўя — 935,7 рубля, адукацыі — 802,6 рубля, сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі — 837,4 рубля.

Выступаючы ў красавіку з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўжо дасягнуты ўзровень прыкладна 500 долараў сярэдняй зарплаты за месяц. „Добра, калі ў нас зарплата будзе калі-небудзь адна тысяча долараў пры тым сацыяльным кошыку, сацыяльнай абароненасці, якая існуе ў краіне. Абсалютна нядрэнна. Але гэта ўжо задача не толькі дзяржавы, не гэтулькі дзяржавы, колькі самога чалавека, працоўных калектываў, прадпрыемстваў”, — падкрэсліў ён.

„Мы павінны стварыць людзям мінімальныя ўмовы для жыцця, а гэта, перш за ўсё, гэтыя няшчасныя 500 долараў. Далей будзем рушыць разам, наперадзе будуць тыя, хто хоча больш зарабляць. Мы стварылі гэты мінімум, але за ім — сацыяльныя работнікі, нянькі ў дзіцячых садах, выхавальнікі, якія гадуюць нашых дзяцей. Таму стаіць задача цяпер іх падцягнуць да заработнай платы”, — сказаў Лукашэнка.

Ён зазначыў, што летась зарплата ў сферы навукі, адукацыі, аховы здароўя вырасла. „Але, як паказваюць звароты, людзей усё яшчэ турбуе пытанне далейшага росту. Асаблівую ўвагу трэба надаць нізкааплатным катэгорыям работнікаў. Урад павінен забяспечыць суадносіны паміж сярэдняй зарплатай у бюджэтнай сферы і сярэдняй па краіне на ўзроўні не ніжэйшым за 80%”, — запатрабаваў афіцыйны лідар.

belapan.by