Сярэдняя зарплата ў кастрычніку вырасла на 9 рублёў 70 капеек



Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у кастрычніку 2017 года ў параўнанні з кастрычнікам 2016 года павялічылася на 10%.

Зніжэнне рэальнай зарплаты ў гадавым вымярэнні (месяц да месяца) назіралася больш за паўтара года. У студзені 2017-га зніжэнне склала 0,2%, у лютым гэты паказчык упершыню вырас — на 0,8%, у сакавіку — на 1,9%, красавіку — на 2,9%, маі — на 4,1%, чэрвені — на 3,8%, ліпені — на 4,3%, жніўні — на 6,6%, верасні — на 7,4%.

Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем 2017 года вырасла на 9,7 рубля (на 1,2%) і склала 841 рубель. У студзені яна была роўная 720,7 рубля, у лютым — 716,5 рубля, сакавіку — 770,6 рубля, красавіку — 776,7 рубля, маі — 795,2 рубля, чэрвені — 819,3 рубля, ліпені — 827,5 рубля, жніўні — 844,4 рубля, верасні — 831,3 рубля.

Паводле звестак Белстата, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў традыцыйна была ў Менску — 1.151,3 рубля, найменшая — у Віцебскай вобласці (710,1). У Берасцейскай вобласці сярэдняя зарплата склала 728,6 рубля, у Гомельскай — 766 рублёў, Гарадзенскай — 739,4 рубля, Менскай — 845,9 рубля, Магілёўскай — 719,4 рубля.

Самую вялікую зарплату па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у кастрычніку 2017 года яна склала 3.516,9 рубля. Самая маленькая зарплата ў кастрычніку была у цырульнікаў — 26,6 рубля. Такім чынам, у мінулым месяцы ў IT-спецыялістаў сярэдняя зарплата была ў 8,4 разу больш, чым у работнікаў цырульняў і салонаў прыгажосці.

У катэгорыю найбольш высокааплатных уваходзяць: работнікі паветранага транспарту — іх сярэдняя зарплата ў кастрычніку 2017 года склала 2.434,7 рубля (у тым ліку работнікі пасажырскага транспарту — 2.566,8 рубля, грузавога — 1.730,9 рубля); работнікі хімічнай прамысловасці — 1.412,1; горназдабыўной — 1.349,1; інжынеры-праекціроўшчыкі — 1.349; работнікі тэлекамунікацыйнай галіны — 1.348,4; нафтаперапрацоўкі — 1.433,8; фінансісты і страхоўшчыкі — 1.275,1; супрацоўнікі галаўных арганізацый — 1.254,2; архітэктары, бухгалтары, юрысты — 1.213; навукоўцы — 1.193,9; аптавікі — 1.152; геолагі і картографы — 1.112,2; фармацэўты — 1.094,7; паліграфісты — 1.000,1 рубля.

Нізкая зарплата ў сацыяльных работнікаў — 461,7 рубля, работнікаў бібліятэк, музеяў, архіваў — 471,4 рубля, творчых работнікаў — 521,2.

Сярэдняя кастрычніцкая зарплата работнікаў транспартнай сферы склала 911,8 рубля, прамысловасці — 929,1 рубля, будаўніцтва — 922,7 рубля, рознічнага гандлю — 716,4 рубля, аховы здароўя — 646,5 рубля, адукацыі — 570,6 рубля, сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі — 619,5 рубля.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра неабходнасць павелічэння да канца 2017 года зарплаты ў валютным эквіваленце да 500 долараў, што зараз адпавядае прыкладна тысячы рублёў.

11 жніўня ён заявіў, што прадпрыемствы з нізкай зарплатай неабходна у 2018 годзе падцягнуць да ўзроўню 1 тыс. рублёў. Калі гэта будзе выканана, то сярэдняя зарплата па краіне ў наступным годзе можа дасягнуць 1,5 тыс. рублёў. „Мы адну тысячу рублёў будзем мець, але гэта будзе сярэдняя зарплата. Ёсць прадпрыемствы, якія гэтую сярэднюю зарплату цягнуць уверх, гэта добра. Але палова, можа, крыху менш прадпрыемстваў, дзе мы недацягвае да гэтага ўзроўню, і наогул там зарплата невялікая. За 2018—2019 гады, асабліва за 2018 год, мы бяромся за тыя прадпрыемствы, на якіх мала зарабляюць, каб іх падцягнуць да тысячы рублёў”, — даручыў Лукашэнка.

Не ва ўсіх рэгіёнах і сектарах эканомікі магчыма адначасова дасягнуць заработнай платы ў тысячу рублёў, заявіў 22 кастрычніка на тэлеканале ОНТ міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі. „Ёсць такія галіны эканомікі, як сельская гаспадарка або, напрыклад, сацыяльная сфера, якія ў адзін момант не могуць дасягнуць такой заработнай платы. Хоць пры ўсіх роўных умовах, напрыклад, бізнес павінен дэманстраваць не тысячу, а паўтары тысячы ці тысячу трыста. І гэта так адбываецца на справе”, — сказаў міністр.

Зіноўскі заявіў, што сёння заработная плата „пакрысе падцягваецца ў тым вектары, які задаў кіраўнік дзяржавы”. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што гэта павінна быць заробленая заработная плата, „а не „палучка” — проста ўзяць з прыбытку і праесці грошы”. „А як будзем развівацца, як будзем аднаўляць вытворчасць?” — задаўся пытаннем чыноўнік.

Таму, паводле яго слоў, нельга „заробленыя грошы праядаць”. „Мы павінны, укладваючы ў вытворчасць, атрымліваць большы прыбытак, каб расла заработная плата”, — сказаў міністр.

belapan.com