Сярэдняя зарплата ў Менску ў красавіку знізілася на 4,5%



Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, у красавіку 2020 года налічаная сярэдняя зарплата ў сталіцы склала 1.720,4 рубля, што на 81,1 рубля, або на 4,5%, менш, чым у сакавіку.

Рэальная зарплата (з улікам росту цэн) у Менску ў красавіку 2020 года ў параўнанні з красавіком 2019-га павялічылася на 4,4%.

Самую вялікую зарплату ў сталіцы ў красавіку атрымалі IT-спецыялісты — 5.298,5 рубля. У ліку найбольш высокааплатных: работнікі горназдабыўной прамысловасці — 4.539,7 рубля; тэлекамунікацыйнай сферы — 2.651,3; работнікі паветранага транспарту — 2.617,8; фінансавага і страхавога сектара — 2.472; работнікі нафтаперапрацоўкі — 2.128,6; хімічнай прамысловасці — 2.037,9; архітэктары, бухгалтары, юрысты — 1.969,9.

Самая нізкая зарплата ў работнікаў сталічных бібліятэк, архіваў, музеяў (801,2 рубля) і сацыяльных работнікаў (890,7 рубля).

У красавіку 2020 года ў прамысловасці горада сярэдняя зарплата склала 1.367,1 рубля; у будаўніцтве — 1.593,4; сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы — 1.396; рознічным гандлі — 1.255,6; адукацыі — 992 рубля. Сярэдняя зарплата работнікаў аховы здароўя склала 1.357,2 рубля.

Як паведамлялася, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў традыцыйна была ў Менску, найменшая — у Магілёўскай вобласці — 968 рублёў. У Берасцейскай вобласці сярэдняя зарплата склала 1.009 рублёў, у Віцебскай — 1.027,7 рубля, Гомельскай — 1.051,5 рубля, Гарадзенскай — 1.020,6 рубля, Менскай — 1.159,8 рубля.

belapan.by