Сярэдняя зарплата зніжаецца другі месяц запар
Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у лютым 2019 года ў параўнанні з лютым 2018 года павялічылася на 7,8%.
Разам з тым сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў лютым гэтага года ў параўнанні са студзенем знізілася на 4 рублі (на 0,1%) і склала 977,6 рубля.
Як паведамлялася, у студзені 2019-га ў параўнанні са снежнем 2018 года зарплата зменшылася на 133,7 рубля (12%) да 981,6 рубля.
Паводле звестак Белстата, найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў традыцыйна была ў Менску — 1.382,1 рубля, найменшая — у Магілёўскай вобласці (810,4). У Берасцейскай вобласці сярэдняя зарплата склала 841,1 рубля, у Віцебскай — 825,2 рубля, Гомельскай — 882,4 рубля, Гарадзенскай — 831,1 рубля, Менскай — 966,9 рубля.
Самую вялікую зарплату па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у лютым 2019 года яна склала 4.072,5 рубля. Самая маленькая зарплата была у цырульнікаў — 469,1 рубля. Такім чынам, у мінулым месяцы ў IT-спецыялістаў сярэдняя зарплата была ў 8,7 разу больш, чым у работнікаў цырульняў і салонаў прыгажосці.
Першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын на нядаўнім пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва заявіў, што „зарплата меншая за 600 рублёў — гэта няправільна”.
Пры гэтым эксперты звяртаюць увагу, што ўрад, нягледзячы на малыя зарплаты на асобных прадпрыемствах, не збіраецца падвышаць іх штучна.
Кіраўнік-партнёр міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Civitta па СНД Даніэль Крутцына адзначыў, што на 2019 год урад запланаваў рост зарплат на ўзроўні прадукцыйнасці працы.
У сваю чаргу беларускія эканамісты не бачаць сур’ёзных рэзерваў для павелічэння зарплат на прамысловых прадпрыемствах.