Сяргей Антончык: Калі хлеба няма, то народу прапаноўваюць відовішчы



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі і вядомы прафсаюзны актывіст Сяргей Антончык распавёў пра карупцыйныя скандалы на беларускіх прадпрыемствах.

Сяргей_Антончык

Нагадаем, 19 снежня стала вядома, што КДБ затрымаў менеджараў вядучых прадпрыемстваў краіны – МТЗ, БелАЗа, МАЗа і «Гомсельмаша».

Сяргей Антончык: Яшчэ ў часы Рымскай імперыі казалі, што людзям трэба даць хлеб і відовішчы. І, калі, вобразна кажучы, зараз у краіне хлеба няма, а бюджэтная кішэня пустая, то народу даюць відовішчы, каб паказаць, што сіла ў дзяржавы ёсць. І заўсёды можна затым сказаць, што ў цяжкім эканамічным становішчы вінаваты ў першую чаргу такія вось карупцыянеры на прадпрыемствах, якія і развальваюць эканоміку краіны і перашкаджаюць уладам праводзіць сваю мудрую палітыку. Таму я не бачу ў гэтай сітуацыю барацьбу з карупцыяй. Людзям далі нагоду, каб тыя перамылі косці “карупцыянерам”, але ў гэтай краіне немагчыма рэальна перамагчы карупцыю, бо ўся сістэма кіравання якраз і палягае ў карупцыі. Таму што праз яе лёгка кіраваць чыноўнікамі. І лёгка заваёўваць лаяльнасць.

РР: Адметна, што затрыманы службовыя асобы самых буйных прадпрыемстваў Беларусі…

Сяргей Антончык: А вось у гэтым, на мой погляд, вельмі вялікі сэнс! Таму што гэта тыя прадпрыемствы, дзе сканцэнтравана вялікая частка людзей, і дзе магчымы выбух, калі будуць нейкія сацыяльныя нагоды. Ніхто ж не выключае, што ў выпадку, калі гэтыя прадпрыемствы і надалей будуць “развівацца” такімі тэмпамі, то людзі могуць і страйк арганізаваць. А далей невядома, якая будзе ланцуговая рэакцыя. Таму, натуральна, лепш, калі на гэтых прамысловых гігантах працоўныя будуць абмяркоўваць сваіх начальнікаў-карупцыянераў, чым нізкія заробкі. Гэта дае магчымасць зняць сацыяльную напружанасць праз “відовішчы”, якія народу і далі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя