Ад крызісу да крызісу
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі і прафсаюзны лідар Сяргей Антончык распавядае пра тое, якім чынам зменіцца ровень жыцця беларусаў у наступным годзе.
Сяргей Антончык: Мяркую, што ў гэтым кірунку перспектывы для беларусаў кепскія, бо перспектыў не бачу. Усё ідзе не да росту дабрабыту, а да стагнацыі і прамысловасці, і ўсяго эканамічнага жыцця ў краіне. Беларуская ўлада, напэўна, і сама не бачыць шлях, як выйсці з крызісу. Створаная за ўвесь час сістэма нежыццяздольная і існуе за кошт крэдытаў – ад крызісу да крызісу.
РР: Тым часам, напэўна, некаторыя людзі задаволены і тым, што ёсць. Яны, улічваючы тое, што сёння адбываецца ў свеце, кажуць: “Затое ў нас вайны няма”.
Сяргей Антончык: Па-першае, яны ўжо не задаволеныя. Гэта на сто адсоткаў. У мяне ёсць знаёмы, які працуе на трактарным заводзе, ён распавядаў пра гаротны стан прадпрыемства. Кажа, што раней працоўныя зараблялі па 10-12 мільёнаў, а зараз па 4-5. Людзі сталі менш працаваць на заводзе, менш зарабляць. Ці будуць яны з гэтай нагоды баставаць – гэта ўжо з іншай оперы. Бо многім не да гэтага, трэба сем’і карміць. Таму яны з’язджаюць з краіны ў пошуках лепшай долі і лепшых заробкаў. А тыя, каму няма куды кінуцца, застаюцца на старых месцах. Яны жывуць за кошт таго, што даюць. Нейкім чынам прызвычайваюцца, прыстасоўваюцца. Усё гэта, безумоўна, сумна і вядзе, як мне падаецца, да эканамічнага калапсу. Але, паўтаруся, людзі незадаволеныя. Такія настроі сёння дамінуюць у беларускім грамадстве.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sostav.ru