Сяргей Балыкін: Невядома толькі адно – па якім сцэнары будзе адбывацца пагаршэнне
“Дзяржава кажа, што дэвальвацыі няма, але гэта толькі хітрык, таму што пытанне валютнага курсу для нашай улады мае палітычны, а не эканамічны характар”, – адзначае кіраўнік “Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва” Сяргей Балыкін. Беларускі рубель фактычна дэвальваваў на 30 адсоткаў у дачыненні да замежных валютаў. Хоць цяпер гэты адсотак і знізілі да 20-ці, але далейшыя прагнозы і так дастаткова негатыўныя:
– Сітуацыя ў беларускай эканоміцы будзе пагаршацца. Спадар Лукашэнка аддасца на волю рынка і тады беларускі рубель будзе падаць усё больш і больш. Або ён будзе націскаць на нейкія адміністрацыйныя рычагі, закручваць гайкі, тады ў нас дэфіцыт будзе нейкі з’яўляцца. Так што сітуацыя будзе пагаршацца ў любым выпадку. Пытанне толькі, які сцэнар будзе, вось гэта хіба што залежыць ад Лукашэнкі.
Сярод асноўных прычынаў сітуацыі Сяргей Балыкін называе неканкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі ні на заходніх, ні на ўсходніх рынках. Калі ў Расеі пачалося падзенне расейскага рубля, беларуская прадукцыя згубіла там свае рынкі збыту і запасы на складах сталі яшчэ больш павялічвацца. Дзяржаве цяпер трэба зніжаць свае выдаткі, а ўлада бачыць з гэтага толькі адно выйсце – зрабіць больш танным беларускі рубель.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя