Супраца з Кітаем дае прастору для манеўру ў стасунках з Расеяй?



Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, кітайскія інвестыцыі ў Беларусь – шанец для беларускіх прадпрыемстваў на мадэрнізацыю ці палітычны піяр?

Гэтыя ды іншыя пытанні беларуска- кітайскага супрацоўніцтва абмяркоўвае на старонках “Беларус дайджэст” аналітык цэнтра Астагорскага Сяргей Богдан.

РР. Наколькі супрацоўніцтва з Кітаем эканамічна выгадна для Беларусі?

Сяргей Богдан: Кітай у сілу сваёй ролі ў свеце і ў сусветнай эканоміцы з’яўляецца вельмі значным партнёрам пры любых раскладах, пры любым палітычным рэжыме ў Беларусі. Іншая справа: наколькі гэта атрымліваецца рабіць у беларускага ўрада? Безумоўна, пры жаданні можна знайсці шмат відовішных рэчаў, накшталт кітайскіх лімузінаў на беларускім парадзе. Але на самай справе трэба паглядзець статыстыку па прамых інвестыцях у Беларусь. Нельга сказаць, што ў беларускім урадзе ўсе жывуць ілюзіямі. Міхаіл Мясніковіч заявіў кітайскай “Чайна дейлі”, што гэтых інвестыцыяў на самай справе каля 195 мільёнаў даляраў. Калі параўнаць з кітайскімі інвестыцыямі ў Вугоршчыну – там больш чым удвая больш. Калі паглядзець, як развіваецца супрацоўніцтва менскага заводу колавых цягачоў з кітайскімі партнерамі, то гэтая гісторыя патрабуе вялікага расследвання. Выглядае на тое, што першае супольнае прадпрыемства ўвогуле зачыненае, звестак пра яго існаванне няма. А другое, якое было створанае пазней, звузіла вельмі моцна сферу сваёй дзейнасці. Кітайскія партнёры проста ўзялі тэхналогіі ў менскага заводу цягачоў і проста пачалі рабіць тое самае самі – без беларускіх партнёраў. Інтарэс Кітая да Беларусі даволі абмежаваны. Прывяду прыклад прамысловага парку, адносна якога рабіліся гучныя дэкларацыі, у прыватнасці, Лукашэнка абяцаў, што там будуць вырошчвацца новыя галіны прамысловасці для Беларусі. Але пасля раптам высвятляецца, што з напаўняльнасцю самога парку ёсць праблемы. І Менск раптам звяртаецца да Пакістану з прапановай прывезці ў Беларусь і размясціць у гэтым парку вытворчасць тэкстыльную. І нічога інавацыйнага ў гэтым няма.

РР. У мадэрнізацыі беларускай гаспадаркі – гэта надзеі, якія не збыліся і наўрад ці збудуцца?

Сяргей Богдан: Яны не збыліся, але ўсё ж такі, гледзячы на патэнцыял Кітая, перспектывы супрацоўніцтва з Кітаем ёсць.

РР: І ёсць шанцы на тое, што нешта зменіцца?

Сяргей Богдан: Плён ёсць. Мы можам знайсці плюсы ад гэтага супрацоўніцтва. Калі казаць пра вайсковае супрацоўніцтва, то Беларусь атрымала доступ да тэхналогіяў, якія Расея, хутчэй за ўсё адмовілася бы перадаць. Супрацоўніцтва з Кітаем дае большую прастору для манеўра ў стасунках з Расеяй. Такім чынам, можна даць зразумець Крамлю, што ў Беларусі ёсць іншы варыянт. Ёсць не толькі Захад, ёсць Кітай. Час працуе на Кітай і на тую Беларусь, якая будзе супрацоўнічаць з Кітаем. Свет, у якім Кітай будзе мець большую ролю, а ЗША меншую, гэта будзе зусім іншы свет.

Гутарыла Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя