Сяргей Чалы: Пытанне санкцый ужо не вырашыш звыклым гандлем палітвязнямі
Незалежны эканаміст разважае пра далёкія наступствы гісторыі з самалётам Ryanair, піша «Салідарнасць».
Падобна на тое, улады Беларусі ўсвядомілі, што з сітуацыі, якая склалася ў адзіночку ім выбрацца будзе цяжка, патрэбна нейкая знешняя падтрымка, лічыць Сяргей Чалы. У якасці пацверджання ён прыводзіць заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі напярэдадні візіту ў Сочы на саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД.
У праграме «Эканоміка з Чалым» на «Белсаце» эксперт адзначыў, што прыём у Сочы быў досыць прахалодным: Лукашэнка атрымаў толькі даўно абяцаны другі транш крэдыту, які, хутчэй за ўсё, дазволіць пазбегнуць пратэрміноўкі плацяжоў па папярэдніх даўгах.
Акрамя таго, расійскія ўлады зрабілі сімвалічны жэст у бок «Белавія», прапанаваўшы беларусам лётаць у Расію.
Вось якую выснову Чалы робіць пра магчымыя прычыны стрыманасці Крамля ў дачыненні да свайго саюзніка:
— Пуцін, хутчэй за ўсё, не гатовы ўсур’ёз ўпісвацца за Лукашэнку. Мабыць, ён становіцца дастаткова таксічным. Асабліва, з улікам таго, што расійскія кампаніі асцерагаюцца другасных санкцый. Ніхто не хоча трапіць пад новы віток санкцый з боку Еўропы ці ЗША.
Гаворачы пра будучую сустрэчу прэзідэнтаў Расіі і ЗША, Чалы назваў прынцыпова важным той момант, што геапалітычны лёс Беларусі ўпершыню будзе абмяркоўвацца без яе ўдзелу:
— Вось ён — вынік страты знешнепалітычнай легітымнасці і палітычнай суб’ектнасці на сусветным узроўні.
Эканаміст папярэджвае, што санкцыйны ціск на Беларусь будзе толькі ўзрастаць. Акрамя таго, з ягоных слоў, на Захадзе ўжо прыйшлі да адзінага разумення таго факту, што персанальныя санкцыі не даюць эфекту: «Неабходна пераходзіць да шырокіх сектаральных санкцый».
На думку Чалага, усведамленне таго, што краіне давядзецца жыць пад санкцыямі, прыходзіць і да ўладаў. Пры гэтым яны спрабуюць рабіць добрую міну, згадваючы ўласны вопыт ранейшых гадоў, а таксама вопыт іншых краін.
Афіцыйны Мінск не можа сур’ёзна адказаць Захаду, кажа эканаміст. У якасці меры ў адказ была абраная Украіна, але вялікае пытанне — хто для каго ў дадзенай сітуацыі важнейшы? Эксперт нагадаў, што адмовай пастаўляць бензін на ўкраінскі рынак могуць скарыстацца расійскія і азербайджанскія кампаніі. Ды і ў цэлым, страта ўкраінскага кірунку можа стаць вельмі балючай для беларускай нафтахімічнай галіны.
Санкцыі будуць не толькі балючымі, але і працяглымі — роўна столькі, колькі Лукашэнка будзе знаходзіцца ва ўладзе. Вырашыць гэтае пытанне звыклым гандлем палітвязнямі ўжо не атрымаецца, робіць выснову эксперт.