Сёлета на экспарце медпаслуг Беларусь плануе зарабіць каля $40 мільёнаў



Сёлета Міністэрства аховы здароўя Беларусі плануе зарабіць на экспарце медыцынскіх паслуг каля 40 мільёнаў долараў, паведаміў 25 ліпеня на брыфінгу ў Менску начальнік упраўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, цэнаўтварэння і дзяржаўнай маёмасці Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Калістратаў.

„Міністэрства аховы здароўя неаднаразова ўносіла прапановы па ўвядзенні бязвізавага рэжыму для замежных грамадзян з мэтай павелічэння аб’ёму медыцынскіх паслуг на экспарт, і рашэнне ўжо прынятае, — сказаў ён. — Мы разлічваем на далейшы прырост у першую чаргу дыягнастычных паслуг, кансультатыўнай меддапамогі, высокатэхналагічных аперацый і іншых медыцынскіх паслуг”.

Паводле слоў Калістратава, пасля ўвядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін свету тэмп росту аб’ёму экспарту медпаслуг ўстановамі аховы здароўя Беларусі прыкметна вырас. Па выніках 2017 года ён склаў 106,2%.

„Сёлета мы ставім сабе планку па нарошчванні экспарту медыцынскіх паслуг на 15—20%, — расказаў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. — Такім чынам, з працягам тэрміну знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі адкрыецца магчымасць пашырыць спектр медыцынскіх паслуг, што аказваюцца на тэрыторыі краіны, і павялічыць аб’ём паступленняў”.

24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім павялічыў тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян у Беларусі да 30 сутак пры ўмове іх ўезду ў краіну і наступнага выезду праз дзяржмяжу ў нацыянальным аэрапорце Мінск.

У дакуменце адкарэктаваны пералік дзяржаў, грамадзяне якіх маюць права скарыстацца рэжымам бязвізавага ўезду і выезду: выключаныя краіны, з якімі Беларусь заключыла двухбаковыя пагадненні аб узаемнай адмене віз.

З 12 лютага 2017 года грамадзяне 80 краін маглі знаходзіцца ў Беларусі без віз на працягу пяці дзён пры ўмове ўезду праз мінскі аэрапорт.

belapan.by