Танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт Адэсы
Танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі 30 чэрвеня прыбыў у порт Адэсы (Украіна), паведаміла прэс-служба канцэрна „Белнафтахім”.
Танкер дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана (SOCAR) выйшаў 26 чэрвеня з грузінскага порта Супса, і „Белнафтахім” чакаў яго прыбыцця ў порт Адэсы да канца чэрвеня.
Партыя складае 85 тыс. тон нафты. Да 10—15 ліпеня яна павінна быць перапампаваная па нафтаправодзе Адэса — Броды на Мазырскі НПЗ.
Як паведамлялася, SOCAR у сакавіку паставіла ў Беларусь тры партыі нафты агульнай масай каля 250 тыс. тон і адну партыю ў 85 тыс. тон — у красавіку.
З пачатку года расійскія кампаніі з „вялікай пяцёркі” („Раснефць”, „Лукойл”, „Газпром нефць”, „Сургутнефцегаз”, „Татнефць”) адмаўляліся пастаўляць у Беларусь нафту без прэміі. У Мінску настойвалі на адмене прэміі, паколькі расійская сыравіна і так падаражэла з-за падатковага манеўру ў РФ. Пасля трох месяцаў перамоў бакам удалося прыйсці да пагаднення. 2 красавіка беларускія НПЗ пачалі кантрактаваць аб’ёмы паставак нафты ад нафтавых кампаній на красавік. 6 красавіка закантрактаваная расійская нафта пачала паступаць на беларускія НПЗ.
Адначасова ішла праца па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц. У студзені Беларусь купіла першую партыю нарвежскай нафты для перапрацоўкі ў ААТ „Нафтан”. Таксама праз порт Клайпеды (Літва) у траўні і чэрвені была пастаўленая саудаўская і амерыканская нафта.
belapan.by