Таргі на Беларускай валютнай біржы пачаліся з падзення рубля
На адкрыцці таргоў Беларускай валютнай біржы рубель слабее да ўсіх трох валют. Да даляра і еўра страты складаюць у межах 1-1,5 %, у адносінах да расейскага беларускі рубель страціў ужо амаль 4% кошту.

Такім чынам, перад поўднем даляр на біржы каштаваў 3 рублі 31 капейку, еўра – 3,66, а 100 расейскіх рублёў – тры беларускія.
Дэвальвацыя беларускага рубля паскорылася пасля пачатку расейскай вайны супраць Украіны. Супраць Расеі і Беларусі як саўдзельніцы агрэсіі ўвялі санкцыі, і нацыянальныя валюты краін пачалі абясцэньвацца.
