Тарыфы на паслугі ЖКГ падвысяцца „ў межах пяці даляраў”
У Беларусі падвышаюцца тарыфы на камунальныя паслугі. Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня 2018 года падпісаў Указ № 473 “Аб усталяванні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2018 год”. Гранічна дапушчальныя тарыфы сфармаваныя з улікам рэзерваў зніжэння кошту жыллёва-камунальных паслуг. У выніку прымянення зацверджаных тарыфаў жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва, у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг, падвысяцца ў межах 5 даляраў.
Плануецца, што гэтыя тарыфы дазволяць у 2018 годзе забяспечыць ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг у памеры больш за 70%. Па большасці паслуг (тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў, ліфтаў, водазабеспячэнне, водаадвядзенне, збор, вываз і абясшкоджванне камунальных адходаў) з улікам работы па зніжэнні іх сабекошту плануецца выйсці на стопрацэнтнае пакрыццё затратаў.
Паводле БелаПАН