Тарыфы на паслугі ЖКГ падвышаюцца 1 студзеня
У Беларусі ўстаноўленыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2019 год. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 снежня, паведамляе яго прэс-служба.
У выніку прымянення зацверджаных тарыфаў жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва, у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг, падвысяцца ў межах 5 даляраў.
Тарыфы будуць падвышацца ў два этапы. 1 студзеня вырастуць (сумарна на 3,9 даляра) тарыфы на паслугі газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, на капітальны рамонт, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, памеры кампенсацыі расходаў на электраэнергію.
1 чэрвеня, пасля завяршэння ацяпляльнага сезона, тарыф на паслугі цеплазабеспячэння для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння будзе павышаны на 1,1 даляра. Тарыфы на тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, ліфта, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі захоўваюцца на ўзроўні 2018 года.
„Ва ўмовах росту жыллёва-камунальных плацяжоў будзе працягнутая праца па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз даванне безнаяўных жыллёвых субсідый. Такія субсідыі даюцца грамадзянам і сем`ям пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасці”, — адзначае прэс-служба.