Тавараабарот Беларусі з ЕЗ вырас больш чым на 16%
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрапейскага звяза ў студзені—ліпені 2017 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам павялічыўся на 16,2% — да 7 млрд 787,3 млн долараў.
Тавараабарот з ЕЗ зніжаўся на працягу больш чым трох гадоў.
За студзень—ліпень 2017 года экспарт у краіны ЕЗ вырас на 15,2% — да 4 млрд 227,3 млн долараў, імпарт павялічыўся на 17,3% — да 3 млрд 560 млн. Станоўчае сальда склала 667,3 млн долараў.
З агульнага аб’ёму экспарту ў студзені—ліпені 2017 года на долю краін ЕАЭС прыпадала 47,8% (у студзені—ліпені 2016 года — 45,8%), з іх на долю Расеі — 45,3% (44,1%), ЕЗ — 26,5% (27,9%), астатніх краін — 25,7% (26,3%). Імпарт з краін ЕАЭС склаў 57,5% агульнага аб’ёму імпарту (у студзені—ліпені 2016 года — 57,1%), з Расеі — 57,2% (56,9%), ЕЗ — 19,5% (20,1%), астатніх краін — 23% (22,8%).
У цэлым за сем месяцаў 2017 года зарэгістраваныя аб’ёмы экспартна-імпартных аперацый Беларусі са 191 краінай. Тавары пастаўляліся на рынкі 161 дзяржавы, імпартавалася прадукцыя са 174 краін.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі краіны ў студзені—ліпені 2017 года з’яўляліся: Расея — 51,7% ад усяго аб’ёму тавараабароту, Украіна — 7,4%, Кітай — 4,5%, Вялікабрытанія і Германія — па 4,4%, Польшча — 4,1%, Нідэрланды — 1,9%, Літва — па 1,8%, Турцыя — 1,5%, Італія — 1,2%, Бразілія і Казахстан — па 1%.