Таваразварот Беларусі з краінамі Еўразвязу ў студзені-маі вырас амаль на 44%
Таваразварот Беларусі з краінамі Еўразвязу ў студзені-маі 2021 года ў параўнанні з такім жа перыядам 2020 года вырас на 43,6% да 6 млрд 269,2 млн даляраў, сведчаць звесткі Белстата.
Экспарт тавараў у ЕЗ павялічыўся ў 2,1 разу да 3 млрд 685,3 млн даляраў, імпарт — на 0,02% да 2 млрд 583,9 млн. Дадатнае сальда замежнага гандлю таварамі за пяць месяцаў 2021 года склала 1 млрд 101,4 млн даляраў.
З агульнага аб’ёму беларускага экспарту на долю краін ЕАЭС прыпадала 43,9% (у студзені—маі 2020-га — 50,3%), Расеі — 41,3% (47,5%), ЕЗ — 25,3% (17%), астатніх краін — 30,8% (32,7%). Імпарт з краін ЕАЭС склаў 55,4% агульнага аб’ёму імпарту (у студзені—маі 2020 года — 48,5%), з Расеі — 54,9% (48,1%), ЕЗ — 16,6% (21,4%), астатніх краін — 28% (30,1%).
За студзень-май 2021 года зарэгістраваныя экспартна-імпартныя аперацыі з 191 краінай. Тавары пастаўляліся на рынкі 163 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя з 173 краін.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў гэты перыяд былі: Расея — 48,3% усяго аб’ёму тавараабароту; Украіна — 7,5%; Кітай — 6,4%; Германія — 4,5%; Польшча — 4,1%; Нідэрланды — 3,6%; Літва — 2,1%; ЗША, Казахстан і Бразілія — па 1,3%; Турцыя — 1,2%; Італія — 1,1%.
Да 2017 года таваразварот Беларусі з Еўразвязам скарачаўся на працягу больш як трох гадоў. У 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м ён зменшыўся на 22,3% да 11 млрд 175,7 млн даляраў, у 2015 годзе ў параўнанні з 2014-м зніжэнне склала 28,5%. У 2017 годзе таваразварот вырас на 30%, у 2018-м — на 19,6% да 17 млрд 331,9 млн даляраў, у 2019 годзе — знізіўся на 9% да 15 млрд 660 млн даляраў. У 2020 годзе ў параўнанні з 2019-м таваразварот Беларусі з Еўразвязам зменшыўся на 9,2% да 11 млрд 935,7 млн даляраў.