Тавараабарот БУТБ з пачатку года перавысіў 3,3 млрд рублёў



З пачатку 2019 года ў ААТ „Беларуская ўніверсальная таварная біржа” (БУТБ) заключана 298 тыс. здзелак больш як на 3,3 млрд рублёў, што на 16% больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года, паведамілі БелаПАН у прэс-службе біржы.

Больш за траціну біржавога тавараабароту, або 1,31 млрд рублёў, прыпала на секцыю лесапрадукцыі, якая паводле вынікаў дзевяці месяцаў прырасла на 26%. Як адзначыла прэс-служба, найбольшым попытам на ўнутраным рынку карысталіся круглыя лесаматэрыялы, пры гэтым сума здзелак з гэтай таварнай групай павялічылася на 32% да 537 млн рублёў. Акрамя таго, на 72% да 112 млн рублёў вырасла рэалізацыя паслуг па лесанарыхтоўцы і правядзенні лесагаспадарчых мерапрыемстваў, у той час як продаж паперы і кардону праз біржу дадала 20%, дасягнуўшы 30 млн. На знешнім рынку былі традыцыйна запатрабаваныя піламатэрыялы і дранка. Сума здзелак з пілапрадукцыяй склала 432 млн рублёў, з дранкай — 126 млн. У абодвух выпадках зафіксаваны прырост 10% да мінулагодняга паказчыка.

У секцыі металапрадукцыі пры росце аб’ёмаў таргоў у натуральным выражэнні агульная сума здзелак склала 993 млн рублёў, што на 3% менш, чым у студзені—верасні 2018 года. „Адмоўная дынаміка абумоўленая зніжэннем цэн на чорны металапракат ў Расейскай Федэрацыі — асноўным пастаўшчыку гэтай сыравіны ў Рэспубліку Беларусь. Разам з тым для закупак вугалю цераз біржу быў характэрны ўзыходны трэнд. У натуральным выражэнні аб’ём здзелак вырас на 3% да 732 тыс. т, а у вартасным — на 6% да 107 млн рублёў. Падобныя тэмпы росту прадэманстравалі таргі ломам і адходамі чорных і каляровых металаў на экспарт”, — адзначылі на біржы.

Секцыя сельгаспрадукцыі стала „самым хуткарослым таварным напрамкам БУТБ”, забяспечыўшы павелічэнне сумы здзелак на 29% да 678 млн рублёў. Найбольшы ўнёсак у абарот зрабілі шроты алейных з аб’ёмам рэалізацыі 184 млн рублёў, а таксама сродкі аховы раслін, злакавыя і кармавыя дабаўкі з сумай здзелак 152 млн. Акрамя гэтага, высокім попытам на ўнутраным рынку карысталася сухое малако, сычужныя сыры і алеі. На экспарт актыўна пастаўлялі сметанковае масла, сухое малако і прадукцыю перапрацоўкі алейных культур. Так, продаж сметанковага масла на знешні рынак павялічылася амаль у 3 разы да 80 млн рублёў, сухога малака — у 3,2 разу да 21 млн, а прадукцыі перапрацоўкі алейных — на 42% да 20 млн.

Тавараабарот у секцыі прамысловых і спажывецкіх тавараў у студзені—верасні гэтага года вырас на 12%, дасягнуўшы 316 млн рублёў. У структуры продажу традыцыйна пераважалі будаўнічыя матэрыялы, нафтахімічная прадукцыя, машыны і абсталяванне. У сваю чаргу секцыя перспектыўных тавараў, дзе праходзяць сесійныя таргі цэментам і шчэбенем на экспарт, завяршыла сем месяцаў з сумай здзелак 22 млн рублёў.

Па стане на 1 кастрычніка 2019 года на БУТБ акрэдытаваныя 22.094 кампаніі, уключаючы 4.427 нерэзідэнтаў з 62 краін.

belapan.by