Тэмпы эканамічнага росту ў 2019 годзе замарудзяцца



У 2019 годзе тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі замарудзяцца ў параўнанні з мінулым годам. Такое меркаванне выказаў БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Дзмітрый Крук.

Нагадаем, згодна з ацэнкай урада, якая апублікаваная ў пастанове № 989, у першым квартале 2019 года рост ВУП Беларусі складзе ўсяго 0,6% (супраць 5,1% у першым квартале 2018 года). Разам з тым улады чакаюць, што ў далейшым тэмпы росту будуць паскарацца і па выніках 2019-га рост ВУП складзе 4%.

Паводле апошніх статыстычных дадзеных, у студзені—лістападзе 2018-га рост ВУП склаў 3,2%.

„Асноўны эканамічны вынік 2018 года — аднаўленчы рост беларускай эканомікі завяршыўся. У новым годзе праблема эканамічнага росту актуалізуецца і, хутчэй за ўсё, тэмпы эканамічнага росту ў 2019-м будуць ніжэйшыя, чым у 2018-м”, — мяркуе Дзмітрый Крук.

На яго думку, асяроддзе для эканамічнай актыўнасці ў новым годзе можа быць горшым, чым у 2017—2018 гадах.

„З другога квартала 2016-га па першы квартал 2018-га цэнавая кан’юнктура паляпшалася і сярэднія цэны на наш экспарт раслі хутчэй, чым цэны на імпарт. У апошнія кварталы такой шчаснай дынамікі не відаць — на калій, нафтапрадукты цэны не растуць, аб’ёмы паставак беларускіх прадуктаў харчавання ў Расею кватуюцца, сярэднія цэны на прадукцыю машынабудавання таксама не растуць”, — канстатаваў эканаміст.

На яго думку, на беларускую эканоміку, хутчэй за ўсё, у 2019 годзе будзе ўплываць і сітуацыя на глабальным фінансавым рынку.

„На фоне павышэння ставак Федэральнай рэзервовай сістэмай ЗША назіраецца адток капіталу з краін, якія развіваюцца, у развітыя, працэнтныя стаўкі па фінансавых інструментаў у доларах растуць”, — канстатаваў Крук.

Гэтая вонкавая кан’юнктура дысануе з тым, што хацелі б бачыць беларускія ўлады, лічыць эканаміст.

„Улады хацелі б разлічваць на зніжэнне працэнтных ставак для зніжэння кошту крэдытных рэсурсаў, а з-за ўплыву знешніх фактараў стаўку рэфінансавання, а таксама працэнтныя стаўкі па крэдытах і дэпазітах, магчыма, прыйдзецца падвышаць”, — мяркуе Крук.

БелаПАН