Тэмпы росту ВУП працягнуць скарачацца
Тэмпы росту ВУП працягнуць скарачацца і па выніках 2018 года складуць не больш за 2%. Такое меркаванне БелаПАН выказаў член Савета па развіцці прадпрымальніцтва, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук, каментуючы апошнія дадзеныя афіцыйнай статыстыкі.
ВУП Беларусі ў студзені—жніўні 2018 года вырас на 3,7%. Пры гэтым пачынаючы з сакавіка назіраецца зніжэнне тэмпаў росту: у студзені—сакавіку ВУП вырас на 5,2%, студзені—красавіку — на 4,8%, студзені—маі — на 4,7%, студзені—чэрвені — на 4,5%, студзені—ліпені — на 4,4%.
„Я думаю, што па выніках года ВУП вырасце на 2%, а то і меней”, — сказаў Раманчук.
На яго думку, „запасы росту беларускай эканомікі скончыліся”. Эксперт лічыць памылкай уладаў пагоню за валавымі паказчыкамі. „Тармажэнне беларускай эканомікі — гэта вынік таго, што скончыліся „анаболікі”, якія прымяняліся для ўзняцця валавых паказчыкаў”, — падкрэсліў эканаміст.
Ён адзначыў, што беларускія ўлады ў гэтым годзе практычна нічога не зрабілі для рэфармавання сістэмы кіравання дзяржактывамі. „Падаюць тэмпы росту прамысловай вытворчасці. Па выніках васьмі месяцаў значна — на 5,5% — скараціліся аб’ёмы вытворчасці сельскай гаспадаркі. І гэта прытым, што на яе падтрымку трацяцца велізарныя сродкі. Таксічныя актывы асядаюць у дзяржбанках”, — заўважыў эксперт.
Пры гэтым ён лічыць, што ўлады „разаграваюць эканоміку за кошт стымулявання ўнутранага попыту”. „Так, на 18% паднятая зарплата, што значна перавышае прадукцыйнасць працы, і тут не дзейнічае элементарная логіка эканамічнага развіцця і зноў не выконваецца даручэнне Лукашэнкі”, — сказаў Раманчук.
На яго думку, калі не мяняць структуру эканомікі і па ранейшаму абапірацца на падтрымку Расеі, нізкія цэны на нафту, на экспарт калійных угнаенняў, вялікага росту ВУП чакаць не варта. „Нам неабходна ўкараняць новыя пункты росту эканомікі ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі”, — лічыць кіраўнік цэнтра.