Тэрмін уводу беларускай АЭС будзе перанесены



На год пазней прапануецца перанесці ўвод у эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў Астраўцы Гарадзенскай вобласці. Абмяркоўваць перанос тэрмінаў будуць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 25-га лютага.  У адпаведнасці з ранейшым беларуска-расейскім пагадненнем, першы энергаблок АЭС меў запрацаваць у 2017 годзе, другі – у 2018. Новы пратакол змяняе тэрміны ўвядзення энергаблокаў адпаведна на 2018 і 2020 гады. Як кажа эканаміст Міхась Залескі, будаўніцтва АЭС з самага пачатку з’яўлялася звычайнай авантурай:

– Калі б вы чыталі савецкую літаратуру, то вы б ведалі, што ён кахае яе, яна кахае другога, але завод будзе здадзены датэрмінова… Гэта авантура ад пачатку да канца. Загружаныя магутнасці па генерацыі не поўнасцю.  У трансфарматарнай гаспадарцы губляецца 20 працэнтаў энергіі. Замест таго каб ісці шляхам аптымізацыі, мы пайшлі экстэнсіўным шляхам. А мы пабудуем яшчэ адну электрастанцыю і будзем утыкаць.

Да таго ж энергаёмістасць даляра ў экспартнай прадукцыі Беларусі ўтрая вышэй, чым у Польшчы, і ў 12 разоў – чым у Японіі, – кажа Залескі.  Планы будаўніцтва АЭС агучваліся ў Беларусі яшчэ ў 1993 годзе. На думку эканаміста, атамныя станцыі патрэбныя Нямеччыне, Францыі ды Японіі, але ніяк ні Беларусі. Да таго ж рызыку будаўніцтва такіх станцыі пасля катастрофы на «Фукусіме» разумеюць і гэтыя краіны.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя