Тэрміновыя рублёвыя дэпазіты наблізіліся да 5 млрд рублёў
У студзені-верасні тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва павялічыліся больш чым на 20%, тэрміновыя валютныя — на 1,8%.
Паводле дадзеных Нацыянальнага банка Беларусі, на 1 лістапада аб’ём тэрміновых валютных дэпазітаў фізічных асоб склаў 6,21 млрд долараў, павялічыўшыся з пачатку года на 1,8%, або на 112,2 млн долараў. Аб’ём тэрміновых рублёвых укладаў на 1 лістапада склаў 4,89 рублёў — гэта на 21,9%, або на 876,4 млн рублёў, больш у параўнанні з пачаткам года.
Сёлета Нацбанк ініцыяваў падрыхтоўку стратэгіі павышэння даверу да нацыянальнай валюты, якая прадугледжвае стварэнне ўмоў для павелічэння долі грашовых сродкаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце.
Адказваючы на пытанні БелаПАН 1 лістапада, старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заявіў: „Мы папярэдне гэты дакумент з урадам абмеркавалі, яшчэ раней разгледзелі на кансультатыўным савеце Нацбанка, хочам абмеркаваць гэты дакумент з міжнароднымі экспертамі, і будзем ўраду прапаноўваць прыняць гэтую стратэгію”.
Яго намеснік Сяргей Калечыц, выступаючы 1 лістапада на форуме па пытаннях павышэння даверу да нацвалюты, адзначыў, што для дасягнення гэтай мэты неабходна вырашыць шэраг задач. „Першае — пастаяннае забеспячэнне стабільна нізкай інфляцыі (з улікам структурных асаблівасцяў нацыянальнай эканомікі). Другое — рэалізацыя сістэмных мер, накіраваных на фарміраванне празрыстага і камфортнага для эканамічных агентаў эканамічнага асяроддзя”, — сказаў Калечыц.
Акрамя таго, дадаў ён, неабходна адмовіцца ад выкарыстання замежных валют пры разліках унутры краіны, а таксама пры ўстанаўленні падатковых і арэндных плацяжоў. „Канчатковым індыкатарам паспяховасці рэалізацыі нашай стратэгіі па павышэнні даверу да беларускага рубля павінна стаць набліжэнне долі нацвалюты ў шырокай грашовай масе і ў патрабаваннях банкаў і Банка развіцця да эканомікі да 80%”, — падкрэсліў Калечыц.
Гэта, на яго думку, будзе сведчыць „аб аднаўленні беларускім рублём свайго функцыяналу, у тым ліку паўнавартаснага выканання функцый сродку абарачэння, сродку плацяжу, сродку зберажэння і меры кошту, а таксама аб эфектыўнасці фінансава-крэдытнай і ўсёй эканамічнай палітыкі дзяржавы”.
belapan.by