Тэрміны будаўніцтва „Газпром цэнтра” ў Менску працягнутыя да 2020 года
Тэрміны будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў Менску ў межах вуліцы Філімонава — праспекта Незалежнасці — вуліцы Макаёнка („Газпром цэнтра”), а таксама неабходнай для яго функцыянавання інфраструктуры працягнуты да 2020 года. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 62, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумент уносіць змяненні ва ўказ ад 4 красавіка 2013 года № 153 „Аб пытаннях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў г. Менску”. У адпаведнасці з новым указам узвядзенне аб’екта і яго праектаванне ажыццяўляюцца не толькі за кошт уласных і (або) прыцягнутых сродкаў інвестара — ААТ „Газпром трансгаз Беларусь”, але і (або) арганiзацыi, якая рэалізуе інвестыцыйны праект.
Інвестар і (або) арганізацыя вызваляюцца па 31 снежня 2021 года ад арэнднай платы за зямельны ўчастак, за выключэннем частак зямельнага ўчастка, занятых аб’ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, якiя прызнаюцца такімі для мэтаў збірання арэнднай платы.
Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу „Газпром цэнтр” у Менску пачалося ў 2015 годзе, і было закансервавана ў канцы снежня 2016 года, хоць фактычна работы на аб’екце спыніліся ў канцы лета. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпынення будаўніцтва стала скарачэнне фінансавання праекта з боку „Газпрома” з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расеяй. Яшчэ адной прычынай называлі тэхнічныя праблемы, звязаныя з вышыннай часткай будынка.
Комплекс будуецца на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці — там, дзе раней размяшчаўся аўтавакзал „Маскоўскі”. Плошча будоўлі складае 8,27 га. Мяркуецца, што аб’ект будзе ўключаць офісы расійскага „Газпрома”, гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на гэтай тэрыторыі плануецца размясціць дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб’екты гандлю і паслуг.
Першапачаткова заяўлялася, што будаўніцтва будзе завершана ў 2018 годзе. Арыенціровачны памер інвестыцый — 900 млн долараў. Знос Маскоўскага аўтавакзала ў сувязі з будаўніцтвам „Газпром цэнтра” выклікаў незадаволенасць у многіх мінчан.
На мінулым тыдні стала вядома, што будаўніцтва комплексу будзе завяршаць італьянская кампанія Codest. Інвестарам і заказчыкам будаўніцтва выступае ААТ „Газпром трансгаз Беларусь”.
„Работы на будаўнічай пляцоўцы адновяцца па меры гатоўнасці генеральнага падрадчыка”, — адзначылі ў ААТ „Газпром трансгаз Беларусь”.
Codest уваходзіць у склад групы кампаній Rizzani De Eccher. Будаўнічы холдынг існуе на рынку з 1831 года, аказвае паслугі ў краінах Усходняй Еўропы і СНД з 1984 года.