Толькі за кастрычнік беларусы вывезлі ў Расею каля 20 млн. даляраў
На беларускім аўтамабільным рынку назіраецца паўтарэнне сітуацыі з 2011 году, калі бюджэт краіны страціў каля 3 мільярдаў даляраў, якія беларусы вывезлі ў Еўропу. На захадзе беларусы масава скуплялі аўтамабілі, каб не плаціць вялікіх грошай за растаможку. Зараз сітуацыя паўтараецца ў выпадку з Расеяй на фоне падзення курсу рубля, – кажа старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.
– Губляе бюджэт краіны, бо паменшаюцца паступленні падаткаў, а таксама шмат вылюты вывозіцца з краіны, таму што фізічныя асобы вывозяць валюты роўна ў паўтара раза больш, чым калі б гэта вывез імпарцёр, таму што кліенты купляюць па рознічных цэнах у Расеі, а імпарцёры гэта купляюць па аптовых. Улады ніяк не рэагуюць на гэтую сітуацыю, нягледзячы на ўсе нашыя папярэджанні аб тым, што краіна трапіць у тую ж самую сітуацыю, у якую трапіла ў 2011 годзе на хвалі ўвозу патрыманых аўтамабіляў і новых аўтамабіляў з Еўропы на нізкіх мытах. Мы зараз бачым паўтарэнне гэтай сітуацыі.
У памежным Смаленску аўтасалоны сапраўды акупавалі беларусы. На радзіме купля аўтамабіля часам абыходзіцца даражэй у некалькі тысяч даляраў. Галоўная прычына – слабы расейскі рубель. Беларусам, якія прызвычаіліся рабіць назапашванні ў далярах і еўра, гэта выгадна. У выніку толькі за кастрычнік у Расею беларусы вывезлі каля 20 мільёнаў даляраў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя