Топ гарадоў і раёнаў Беларусі з самым высокім заробкам



Myfin.by вывучыў статыстыку і паглядзеў, у якіх гарадах і раёнах Беларусі самыя высокія заробкі. У траўні сярэдні заробак па краіне склаў 1861 рубель. Самы высокі заробак зафіксавалі ў Астравецкім раёне Гарадзеншчыны – 2757 рублёў, у Менску – 2,5 тысячы.

Таксама высокія заробкі адзначаны ў наступных гарадах і раёнах:

– Салігорскі раён Меншчыны – 2499 рублёў;

– Менскі раён – 2224 рублі;

– Рэчыцкі раён Гомельшчыны – 2080 рублёў;

– Наваполацк Віцебская вобласці – 2026 рублёў:

– Жодзіна Менскай вобласці – 2018 рублёў.

Высокія заробкі ў асобных раёнах і гарадах тлумачацца тым, што там знаходзяцца буйныя прадпрыемствы і прамыслова-энергетычныя аб’екты. Да  прыкладу, у Астраўцы – атамная станцыя, у Жодзіне – БелАЗ, у Салігорскім раёне – “Беларуськалій”.

У Адзіным рэестры пустых дамоў ужо больш за 10 тысяч пазіцый 

У Адзіным рэестры пустых дамоў, які стаў весціся з пачатку 2023 года, цяпер захоўваецца інфармацыя пра больш як 10 тысяч будынкаў. Яшчэ ў траўні іх было 6,6 тысячы.

“Варта адзначыць, што Адзіны рэестр пустых дамоў пастаянна абнаўляецца. Цяпер у ім размешчана інфармацыя пра больш чым 10 тысяч хат, у тым ліку такіх, у дачыненні да якіх праводзяцца мерапрыемствы па пошуку ўласніка, а таксама ў дачыненні да якіх прынята рашэнне аб іх продажы і якія валодаюць іншымі прыкметамі”, — адзначаецца на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.  

Доступ да рэестра адкрыты і бясплатны. Усе ахвотныя могуць паглядзець характарыстыкі той ці іншай хаты, даведацца яе месцазнаходжанне, стан, год пабудовы. Усе гэтыя звесткі збіраюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Таксама ёсць інфармацыя пра тое, якія дамы ідуць на продаж.

Ліміты бяспошліннага ўвозу тавараў у Беларусь істотна скароцяць

Ліміты бяспошліннага ўвозу тавараў у Беларусь праз наземную граніцу скароцяцца ўдвая (у грашовым выражэнні) з 1 кастрычніка, паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.

Ліміты будуць зніжаны да 500 еўра і 25 кілаграмаў. Цяперашнія ліміты – 1000 еўра і 31 кілаграм.

Пры перавышэнні лімітаў трэба будзе плаціць пошліны: 30% ад кошту тавараў. А калі перавышэнне будзе па кілаграмах, а самі тавары будуць не дарагімі, то мінімальная пошліна складзе чатыры еўра за кожны кілаграм перавышэння.

У Белавежскай пушчы плануюць адрадзіць бортніцтва

У Белавежскай пушчы хочуць адрадзіць шматвяковую традыцыю бортніцтва і запускаюць сумесны праект, накіраваны на захаванне і развядзенне папуляцый дзікіх пчол. Пра гэта паведамляецца на сайце Белавежскай пушчы. Захоўваць і разводзіць папуляцыі дзікіх пчол плануюць у межах сумеснага праект разам з навукоўцамі.

У 2020 годзе культура ляснога бортніцтва ў Беларусі і Польшчы была ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО. Бортніцтва – гэта мастацтва атрымання мёду ад дзікіх пчол з калод і борцей. Яно знікла ў канцы 19 стагоддзя, але пры гэтым усё яшчэ ёсць месцы, у тым ліку Белавежскай пушчы, дзе можна знайсці сапраўдны “вулей” і паўдзікіх пчол. Вялікая колькасць дуплістых дрэў у нацыянальным парку спрыяла захаванню дзікіх пчол у іх месцах пасялення.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svisgaz.by