„Транснефць” скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь



Расейская кампанія „Транснефць” скараціла на траціну пастаўкі нафты ў Беларусь у трэцім квартале 2016 года.

Транснефць

Як паведаміў 30 чэрвеня журналістам у Маскве прадстаўнік „Транснефці”, большасць заявак нафтавых кампаній на пастаўкі ў Беларусь паступілі толькі ў чацвер.

„Аб’ёмы паставак былі скарэктаваныя графікам Мінэнерга на траціну ў бок змяншэння і на ліпень складаюць па 590 тыс. тон на кожны з двух заводаў. Большая частка заявак ад нафтавых кампаній прыйшла толькі сёння. Пры атрыманні намі аплаты на выдадзеныя заданні на плацеж усім будуць выдадзеныя маршрутныя даручэнні. Гэты працэс звычайна займае не менш як суткі і залежыць ад навыкаў бухгалтэрый вертыкальна інтэграваных кампаній”, — цытуе прадстаўніка кампаніі ТАСС.

Паводле яго слоў, у цяперашні час на адрас „Нафтана” аформлена 160 тыс. тон грузу, Мазырскага НПЗ — афармляюцца дзве партыі ў 57 і 135 тыс. тон. „Спыненне Мазыру ў сувязі з познім афармленнем не пагражае, бо ў яго назапашаныя дастатковыя аб’ёмы таварнай нафты ў ёмістасцях”, — сказаў ён.

Як раней паведамляў БелаПАН, у студзені—красавіку ў Расею пастаўлена 156,1 тыс. тон нафтапрадуктаў — на 37,7% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі. У грашовым выражэнні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расею склаў у студзені—красавіку 48,7 млн. долараў і знізіўся на 43,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Беларускі ўрад раней заяўляў, што зніжэнне паставак звязанае са зніжэннем цэнавай прывабнасці экспарту нафтапрадуктаў у Расею.

Між тым расейскі бок у чэрвені ініцыяваў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь і растлумачыў тым, што беларускі бок не выконвае дасягнутыя раней дамоўленасці аб аб’ёмах паставак нафтапрадуктаў на рынак Расеі. Акрамя гэтага, Беларусь не плаціць у поўным аб’ёме за пастаўлены газ.

„Мы зыходзім з таго, што графік паставак нафты на трэці квартал у Беларусь будзе ніжэйшы, чым меркавалася. Гэта звязана з двума фактарамі: неаплатай за пастаўлены газ „Газпрому” і непаступленнем даходаў у бюджэт у сувязі з гэтым, другі фактар — гэта недапастаўкі нафтапрадуктаў з беларускіх НПЗ у Расею”, — растлумачыў у чэрвені журналістам міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак.

Як паведамлялася раней, паміж Беларуссю і Расеяй сёлета ўзніклі рознагалоссі адносна кошту газу. Беларускі бок заяўляў, што ў сувязі з аслабленнем курсу расейскага рубля кошт газу для Беларусі ў доларавым выражэнні павінен быць зніжаны. Расейскі ўрад не пагадзіўся з такой пазіцыяй, аднак Беларусь стала разлічвацца за газ па больш нізкай цане ў даляравым выражэнні. У выніку, згодна са звесткамі „Газпрома”, да канца мая ўтварылася запазычанасць Беларусі за газ ў 250 млн. даляраў.

belapan.by