„Транснефць”: Транзіт нафты цераз Беларусь ідзе без абмежаванняў
Кампанія „Транснефць” з 1 студзеня не атрымала ад расейскіх кампаній заявак на пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ), аднак транзіт нафты цераз краіну ідзе без абмежаванняў, паведаміў 3 студзеня ў Маскве журналістам афіцыйны прадстаўнік расейскай манаполіі Ігар Дзёмін.
„Мы ажыццяўляем прапампоўку нафты ў межах заявак ад нафтакампаній. У нас з 1 студзеня няма заявак ад нафтавых кампаній на пастаўкі на беларускія НПЗ”, — цытуюць Дзёміна „Известия”. Ён падкрэсліў, што транзіт нафты не спыняўся.
Расея з 1 студзеня перастала пастаўляць нафту для Беларусі. 31 снежня скончыліся гадавыя кантракты, а новыя пакуль не падпісаныя.
„Ідзе актыўная праца па ўсіх напрамках над заключэннем студзеньскіх кантрактаў. Пакуль Расея нам, на жаль, нічога не пастаўляе”, — паведамілі БелаПАН у канцэрне „Белнафтахім”.
Паводле слоў прадстаўніка канцэрна, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы функцыянуюць у штатным рэжыме. Яны знізілі загрузку да тэхналагічнага мінімуму і працуюць на ўнутраных запасах.
Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў раней заявіў, што Расея не супраць пошуку Беларуссю альтэрнатыўных магчымасцей пастаўкі нафты: „Калі існуюць нейкія больш выгадныя варыянты для Беларусі, вядома, яна вольная скарыстацца любымі варыянтамі, калі яны больш выгадныя, чым тое, што прапануецца з боку Расейскай Федэрацыі”. „У гэтым выпадку, — адзначыў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, — мы не хочам прыпадабняцца да адной вядомай краіны: яна пакупнікам сілай навязвае сваю прадукцыю, якая значна даражэйшая, чым тое, што ёсць на рынку”.