„Транснефць” у 2020 годзе плануе пастаўку ў Беларусь 23,5 млн тон нафты
Расейская кампанія „Транснефць” у 2020 годзе плануе паставіць на беларускія НПЗ 23,5 млн тон нафты (у адпаведнасці з індыкатыўным балансам), вынікае з паведамлення на сайце кампаніі.
У 2019 годзе пастаўкі нафты ў Беларусь склалі 17,6 млн тон супраць 18 млн у 2018 годзе.
Экспартныя пастаўкі па магістральным нафтаправодзе „Дружба” на бягучы год запланаваныя ў аб’ёме 50 млн тон. У 2019 годзе на экспарт па трубаправодзе „Дружба” пастаўлена 42,3 млн тон (48,9 млн тон у 2018 годзе). У тым ліку: у Германію — 16,1 млн тон (20,6 млн), у Польшчу — 13,1 млн (15 млн), у Чэхію — 3,8 млн (4 млн тон), у Славакію — 5 млн (5,2), у Венгрыю — 4,3 млн (4,1 млн).
Расея з 1 студзеня спыніла пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці кантрактаў на 2020 год. У сваю чаргу Менск прыпыніў экспарт нафтапрадуктаў, каб не дапусціць крызісу на ўнутраным рынку.
Пра тое, што Беларусь прапрацоўвае варыянты альтэрнатыўных паставак нафты, паведаміў першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Крутой 14 студзеня па выніках нарады Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета міністраў.
Крутой адзначыў, што „ўсе магчымыя варыянты, пра якія казаў прэзідэнт, знаходзяцца ў працы”. „Ва ўсе краіны мы разаслалі адпаведныя камерцыйныя прапановы. Усе службы камерцыйныя нашых заводаў, Беларускай нафтавай кампаніі знаходзяцца на перамовах практычна ў штодзённым рэжыме. Думаю, тут хутка мы таксама атрымаем альтэрнатыўныя варыянты канкрэтных аб’ёмаў канкрэтнай нафты”, — заявіў чыноўнік.
Паводле слоў віцэ-прэм’ера, гэтым пытаннем цяпер заняліся „ўсе магчымыя краіны”: Украіна, Польшча, краіны Балтыі, Казахстан, Азербайджан.
Крутой паведаміў, што прагрэсу ў перамовах з Расеяй пакуль няма, і нагадаў пазіцыю Менска па гэтым пытанні. Ва ўмовах рэалізацыі падатковага манеўру і штогадовага павелічэння для Беларусі кошту нафты за кошт памяншэння мытнай пошліны „наша краіна не будзе плаціць прэміі расейскім нафтавікам у ранейшым аб’ёме”. Чыноўнік адзначыў, што пакуль расейскія партнёры не згаджаюцца на ўмовы беларускага боку, за выключэннем кампаній Міхаіла Гуцарыева, і не хочуць паменшыць памер прэміі. Крутой падкрэсліў, што Беларусь — даволі буйны спажывец расійскай нафты, таму перамовы працягнуцца.