Транзіт беларускіх угнаенняў праз Расею вырас у 18 разоў



У першым квартале экспартныя пастаўкі ўгнаенняў з Беларусі праз тэрыторыю Расеі павялічыліся ў 18,2 раза да аналагічнага перыяду 2021 года і склалі 2,13 млн тон. А па выніках мінулага года транзіт вырас у 76 разоў, піша Office Life.

Такі рост транзіту праз тэрыторыю Расеі звязаны з заходнімі санкцыямі супраць “Беларуськалія”. Пасля таго, як краіны Балтыі адмовіліся перавозіць і апрацоўваць беларускія грузы, у Лукашэнкі не было іншага выйсця, акрамя як пераарыентаваць пастаўкі на расейскія парты і паўднёвую мяжу.

Дарэчы, статыстыку здабычы і экспарту калійных угнаенняў Белстат закрыў з 2021 года.

У рознічным гандлі зафіксавалі недахоп ялавічыны

Асартымент мясной гастраноміі і мяса ў беларускіх сетках — гэта на 98—99% айчынная прадукцыя, астатняе ідзе з Расеі, пра гэта паведаміла выканаўчая дырэктарка Асацыяцыі рознічных сетак Наталля Шаблінская на форуме “Беларусь мясная” ў Менску, перадае Sputnik. Паводле Шаблінскай, на паліцах беларускіх крам ёсць дастойная таварная прапанова. Аднак маецца, напрыклад, праблема з ялавічынай — заяўкі сетак па гэтым відзе мяса задавальняюцца не заўсёды.

Санкцыі Шаблінская назвала “справай няпростай”. У сетак рэнтабельнасць у мясным сектары цяпер адносна невысокая, магчымасць праводзіць акцыі паменшылася. “Мы губляем у аб’ёмах продажаў”, — адзначыла яна.

“Прыёрбанк” уводзіць змены, датычныя рахункаў у замежных валютах

З 1 чэрвеня “Прыёрбанк” уводзіць плату за абслугоўванне рахункаў у далярах і еўра, аднак спаганяцца яна будзе толькі з тых рахункаў, на якіх рэшта ў канцы месяца перавышае 50 тысяч даляраў або еўра. Штомесячная плата за гэта складзе 750 рублёў.

Таксама з пачатку лета “Прыёрбанк” пачне адкрываць рахункі ў польскіх злотых, фунтах стэрлінгаў, шведскіх кронах, швейцарскіх франках, кітайскіх юанях, казахскіх тэнге. Адкрыццё такога рахунку будзе каштаваць 100 рублёў. Акрамя адкрыцця рахункаў у гэтых замежных валютах, банк пачне ажыццяўляць міжнародныя пераводы ў злотых, фунтах стэрлінгаў, шведскіх кронах, швейцарскіх франках, кітайскіх юанях, тэнге. Мінімальная сума пераводу складзе 3 тысячы беларускіх рублёў у эквіваленце.

Інфляцыя ў Польшчы запавольваецца

Інфляцыя ў красавіку знізілася з 16,1 да 14,7 працэнтаў у гадавым вымярэнні – вынікае з новых дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы. Аднак, гэтае зніжэнне яшчэ не азначае зніжэння цэн у крамах, а толькі больш павольны тэмп іх павышэння. У параўнанні з сакавіком цэны цяпер падняліся ў сярэднім на 1 працэнт.

Такім чынам, дарагавізна надалей ёсць, але ёсць і “святло ў тунэлі”, паколькі ў лютым інфляцыя складала 18,4 працэнта, то бок на 4 працэнты больш, чым цяпер. А значыць інфляцыйны працэс усё ж запавольваецца.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: nashaniva.com