Траціна рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон стратныя



Паводле вынікаў студзеня—верасня 2016 года стратнымі з’яўляліся 134 рэзідэнты свабодных эканамічных зон, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.

эканоміка

У СЭЗ „Брэст” доля стратных рэзідэнтаў паводле вынікаў трох кварталаў склала 35,5%, у СЭЗ „Гомель-Ратон” — 31,2%, у СЭЗ „Мінск” — 33%, у СЭЗ „Віцебск” — 21,6%, у СЭЗ „Магілёў” — 41%, у СЭЗ „Гродна-інвест” — 32,4%.

Варта адзначыць, што на працягу 2016 года назіраецца зніжэнне долі стратных рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон. Так, калі ў першым квартале доля стратных рэзідэнтаў СЭЗ складала 45,6%, паводле вынікаў першага паўгоддзя — 38,5%, то на 1 кастрычніка — 32,8%.

На 1 кастрычніка 2016 года ў якасці рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон было зарэгістравана 419 арганізацый, у тым ліку дзейнымі з’яўляліся 409. З ліку рэзідэнтаў СЭЗ 356 арганізацый, ці больш за 85%, ажыццяўляюць дзейнасць у апрацоўчай прамысловасці.

Міністэрства эканомікі Беларусі ў чэрвені растлумачыла адмоўныя фінансавыя вынікі дзейнасці СЭЗ тым, што рэзідэнтам эканамічных зон даводзіцца несці значныя выдаткі па абслугоўванні прыцягнутых крэдытаў.

Акрамя гэтага, на думку Мінэканомікі, на вынікі дзейнасці рэзідэнтаў СЭЗ негатыўна паўплывалі адмоўныя курсавыя розніцы, якія ўзніклі ад пералічэння актываў і абавязацельстваў, выражаных у замежнай валюце. Таксама, згодна са звесткамі Мінэканомікі, на стратную дзейнасць рэзідэнтаў СЭЗ уплывае „пачатковая стадыя рэалізацыі інвестыцыйных праектаў”.

„Такім чынам, наяўнасць стратнай дзейнасці на пэўным этапе развіцця арганізацый — рэзідэнтаў СЭЗ з’яўляецца спецыфічнай асаблівасцю СЭЗ і звязаная са стварэннем новых арыентаваных на экспарт вытворчасцяў”, — падкрэслівала Міністэрства эканомікі ў чэрвеньскім паведамленні.

Нагадаем, шэсць свабодных эканамічных зон на падставе рашэння беларускіх уладаў былі створаныя ў 1996—2002 гадах. Рэзідэнтам СЭЗ былі дадзеныя падатковыя льготы. Меркавалася, што такім чынам удасца стымуляваць стварэнне інавацыйных вытворчасцяў на тэрыторыі эканамічных зон і нарошчваць аб’ёмы экспарту.

belapan.by