Трэба шукаць новае месца ў сусветным раздзяленні працы
Вострыя праявы сусветнага эканамічнага крызісу, якія назіраюцца ў Расеі, паказваюць, што ў Беларусі ўжо даўно наспела пара выходзіць са шчыльных эканамічных адносінаў з усходняй суседкай, – лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Стральцоў. Па яго словах, само знаходжанне нашай краіны ў Еўразійскай эканамічнай прасторы пачынае ўздзейнічаць выключна адмоўна. Зараз беларускаму ўраду перадусім трэба скіраваць сваю ўвагу ў бок мадэрнізацыі экномікі, яе рэфармавання.
– Відавочна, што эканоміка Расеі ў выніку змены некарыснай кан’юктуры, а менавіта зніжэння цэнаў на энерганозбіты губляе дынаміку і губляе свой асноўны рухавік развіцця сваёй эканамічнай сістэмы. І Беларусь, як энергазалежная краіна, у сувязі з тым, што значная частка нашай эканомікі грунтуецца на перапрацоўцы, а затым рээкспарце тых жа расейскіх энерганозбітаў, адпаведна, тая эканамічная выгада, якую Беларусь чэрпала з гэтых трансакцый, яна змяншаецца няўхільна.
Таму Беларусі трэба шукаць новае месца ў сусветным раздзяленні працы. „Калі мы гэтага месца не знойдзем, то пацерпім такую ж эканамічную паразу, як і Расея,” – лічыць Алесь Стральцоў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя