Трэцяе месца па росце спажывецкіх цэн на тэрыторыі былога СССР



Беларусь заняла трэцяе месца па росце спажывецкіх цэн на тэрыторыі былога СССР у 2018 годзе, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі (у студзені—верасні, студзені—кастрычніку і студзені—лістападзе было чацвёртае месца).

За 12 месяцаў цэны ў краіне павялічыліся на 5,6% (без акруглення — на 5,64%). На першых месцах Узбекістан (14,3%) і Украіна (9,8%). На чацвёртай пазіцыі Таджыкістан (5,4%), які Беларусь апярэдзіла ў снежні.

Ніжэйшай інфляцыя была ў Казахстане (5,3%), Расеі (4,3%), Эстоніі (3,4%), Латвіі (2,6%), Літве (1,9%), Арменіі (1,8% ), Азербайджане, Грузіі (па 1,5%), Малдове (0,9%) і Кыргызстане (0,5%).

У Туркменістане апублікаваныя дадзеныя за студзень—кастрычнік (рост цэн на 7,9%). Гадавы паказчык па Азербайджане вылічаны БелаПАН на падставе месячных дадзеных.

У снежні ў Беларусі цэны павысіліся на 0,8% (без акруглення — на 0,78%). Такі ж паказчык зафіксаваны ў Азербайджане, Расеі і ва Украіне. Гэтыя краіны падзялілі трэцяе месца пасля Узбекістана (2,1%) і Арменіі (1,5%). Далей: Казахстан, Кыргызстан (па 0,7%), Грузія, Малдова (па 0,5%) і Таджыкістан (0,3%). У Эстоніі цэны знізіліся на 0,3%, у Латвіі — на 0,4%, у Літве — на 0,6%.

У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся ў снежні на 0,8%, за год — на 7%.

У 2017 годзе па росце цэн на тэрыторыі былога СССР Беларусь заняла дзявятае месца (4,6%), у 2016-м — трэцяе (10,6%).

belapan.by