Трубаправод „Дружба” пачалі ачышчаць ад няякаснай нафты



1 траўня пачалася ачыстка трубаправода „Дружба” ад няякаснай нафты, паведаміў БелаПАН галоўны інжынер ААТ „Гомельтранснафта Дружба” Андрэй Вярыга. „Ачыстка пачалася, працы ідуць па плане, усе бакі прытрымліваюцца абавязацельстваў”, — сказаў ён.

Падпісаная бакамі дарожная карта прадугледжвае выцясненне каля 50 тысяч тон забруджанай нафты з расейскага ўчастка ў рэзервуарны парк ва Унечы. З беларускага ўчастка больш за 120 тысяч тон забруджанай нафты выцесняць у рэзервуарны парк у Мазыры. Усяго, паводле звестак украінскага аператара „Укртранснафта”, у рэзервуарныя паркі ў Беларусі, Украіне, Славакіі і Венгрыі зліюць каля 400 тысяч тон некандыцыйнай нафты.

Гэтыя меры закліканыя аднавіць працу толькі адной ніткі нафтаправода „Дружба”. На ўсход (у Расею) і поўдзень (ва Украіну) ідуць па дзве ніткі, на Захад (у Польшчу) — тры ніткі.

Разам з тым большая частка трубаправода на няпэўны час застанецца закрытай і стане свайго роду сховішчам для некандыцыйнай нафты. Паводле папярэдняй ацэнкі, у Расеі, Беларусі, Украіне і Польшчы знаходзіцца прыкладна 5 млн тон бруднай нафты. На беларускую долю прыпадае больш за мільён тон.

Няякасную нафту будуць змешваць з нармальнай і прадаваць. „Жалезная дарога аказвае спрыянне ў вывазе некандыцыйнай нафты з тэрыторыі Беларусі, потым мы яе будзем кампаундзіраваць, то бок падмешваць да нармальнай нафты ўжо ў Новарасійску і далей яе рэалізоўваць”, — паведаміў 30 красавіка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным прэзідэнт расійскай кампаніі „Транснефць” Мікалай Токараў.

Паводле інфармацыі беларускага аператара „Дружбы”, поўнае аднаўленне нафтаправода запатрабуе некалькіх месяцаў напружанай працы. Да 10—11 мая ён плануе выйсці на 40% праектнай магутнасці сістэмы. Чыстая нафта павінна падысці да мяжы Беларусі ў канцы дня 2 мая, а ў Мазыр яна павінна паступіць не раней за 4 мая.

Раней Андрэй Вярыга заяўляў расійскаму выданню „Ведамасці”, што ачышчальныя работы знізяць прапускную здольнасць нафтаправода „Дружба” на 60% ад праектнай магутнасці ў першыя месяцы пасля ачысткі, а па выніках года „Гомельтранснафта Дружба” зможа прапампаваць у Польшчу і праз Украіну на Захад толькі 40 млн тон расійскай нафты (у 2018 годзе па „Дружбе” прайшло 48,9 млн тон).

Пра тое, што з сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе „Дружба” паступае няякасная нафта, канцэрн „Белнафтахім” паведаміў 19 красавіка. 22 красавіка стала вядома, што з-за няякаснай расійскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне.

У Расеі распачатая крымінальная справа аб наўмысным забруджванні нафты ў нафтаправодзе „Дружба”.

belapan.by