Цана на „танную бязмытную расейскую нафту” складае 83% ад сусветнай
„Мы працягваем перамоўны працэс з расійскімі партнёрамі ў дачыненні да заключэння кантрактаў на пастаўку нафты для айчынных НПЗ. Аднак кантракты не падпісаныя”, — падкрэсліваецца ў паведамленні на сайце канцэрна.
„Сітуацыя, якая склалася, — не лепшы этап у эканамічным супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі, — канстатуюць у „Белнафтахіме”. — Так, з улікам рэалізацыі чарговага этапу падатковага манеўру ў Расійскай Федэрацыі цана на „танную бязмытную расійскую нафту” на сённяшні дзень складае 83% ад сусветнай. Безумоўна, з улікам кампенсацыі, якую Расійская Федэрацыя дае сваім нафтаперапрацоўчым заводам, гэта негатыўна адбіваецца на дыспарытэце цэн на ўнутраных рынках Расіі і Беларусі”.
Разам з тым „Белнафтахім” адзначае, што айчынныя НПЗ працуюць у штатным рэжыме.
„Прынятыя меры па аптымізацыі загрузкі вытворчых магутнасцяў дазволілі павялічыць назапашванне рэсурсаў нафты для яе далейшай перапрацоўкі. Наяўныя запасы паліва, а таксама рэжым працы айчынных НПЗ дазваляюць у поўным аб’ёме забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку ва ўсіх відах маторнага паліва і іншых нафтапрадуктаў”, — гаворыцца ў паведамленні канцэрна.
Расія з 1 студзеня перастала пастаўляць нафту для Беларусі. 31 снежня скончыліся гадавыя кантракты, а новыя пакуль не падпісаныя.
Пасля спынення паставак нафты Беларусь часова не экспартуе нафтапрадукты.
Між тым расійская кампанія „Транснефць” паведаміла, што транзіт нафты праз Беларусь ідзе без абмежаванняў.
У апошні дзень 2019 года Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі айчыннага нафтахімічнага комплексу і даручыў „у найбліжэйшыя гадзіны” заключыць дамовы на пастаўку нафты з Расіі і забяспечыць яе набыццё з альтэрнатыўных крыніц. Перш за ўсё размова ідзе аб пастаўках чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічанні для альтэрнатыўных паставак нафтаправода „Дружба”.