ЦБ Беларусі ўзяў курс на абмежаване кароткатэрміновых укладаў
Цэнтральны банк Беларусі заняўся высокімі працэнтнымі стаўкамі на грашовым рынку. Камерцыйныя банкі атрымалі рэкамендацыі ад Нацбанка па змяненні падыходаў у гэтым кірунку. Людзей хочуць адвучыць гуляць з рублём на кароткатэрміновых укладах, дзе ў пачатку года працэнтныя стаўкі дасягалі 45-50%. Галоўны спецыяліст філіяла аднаго з дзяржаўных банкаў лічыць гэтую рэкамендацыю Нацбанка слушнай:
– Ва ўсім свеце так: чым больш тэрмін укладаў, тым большая працэнтная стаўка. Так, як ёсць гэта ў нас цяпер, – не павінна быць. Гэта ненармальна. Нацыянальны банк імкнецца знізіць кошт рэсурсаў на крэдытным рынку. Калі вы купляеце рэсурсы пад 40%, нават пад 25%, то каб мець даход, банк мусіць выдаваць крэдыты рэальнаму сектару прамысловасці, сельскай гаспадаркі пад мінімум 30-32%. А гэта вельмі многа.
Але банкір сумняецца, што знойдзецца шмат людзей, якія павераць у нашу эканоміку, банкаўскую сістэму, у стабільнасць палітычнай сістэмы, каб палажыць грошы на доўгатэрміновы ўклад з немагчымасцю датэрмінова зняць без атрымання даходу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота finance.tut.by