Цэментным заводам дадзеная растэрміноўка па пагашэнні крэдытаў да 2037-2049 гадоў



Беларускім цэментным заводам дадзеная адтэрміноўка і растэрміноўка ў пагашэнні крэдытнай запазычанасці больш за 900 млн даляраў. Гэта прадугледжанае ўказам прэзідэнта ад 16 траўня № 181 „Аб арганізацыях цэментнай галіны”, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Тром дзейным прадпрыемствам галіны (ААТ „Беларускі цэментны завод” (БЦЗ), ААТ „Крычаўцэментнашыфер”, ААТ „Краснасельскбудматэрыялы”) будзе рэструктураваная запазычанасць па прыцягнутых урадам у 2008—2009 гадах для мадэрнізацыі цэментнай галіны крэдытах „Эксімбанка Кітая” на суму прыкладна 550 млн даляраў. У 2015—2019 гадах па крэдытах разлічыўся ўрад за кошт бюджэту.

Згодна з указам, запазычанасць перад бюджэтам БЦЗ павінен пагасіць у 2029—2038 гадах, „Краснасельскбудматэрыялы” — у 2030—2037 гадах, „Крычаўцэментнашыфер” — у 2038—2049 гадах.

„Беларусбанк” і Банк развіцця таксама дадуць цэментным заводам растэрміноўку пагашэння запазычанасці на суму прыкладна 370 млн долараў у эквіваленце. Для БЦЗ і „Крычаўцэментнашыфера” растэрміноўка дадзеная да канца 2026 года, для „Краснасельскбудматэрыялаў” — да канца 2024 года.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў „Белінвестбанку”, „Банку БелВЭБ” і „Банку ВТБ” (Беларусь) даць адтэрміноўку ААТ „Краснасельскбудматэрыялы” да 1 студзеня 2025 года і растэрміноўку па 31 снежня 2029 года пагашэння запазычанасці, якая ўтварылася на 1 студзеня 2019 года. Да канца 2026 года ўрад будзе выплачваць за кошт бюджэту працэнты па крэдытах, якія былі выдзеленыя цэментным заводам „Беларусбанкам” і Банкам развіцця.

Акрамя таго, Міністэрства энергетыкі дасць арганізацыям цэментнай галіны адтэрміноўку па 31 снежня 2019 года і растэрміноўку з 1 студзеня 2020 года па 30 чэрвеня 2023 года ў пагашэнні запазычанасці за спажыты прыродны газ, што ўтварылася на 1 студзеня 2016 года.

У адпаведнасці з указам прадпрыемствы цэментнай галіны вызваленыя ад выплаты падатку на нерухомасць і зямельнага падатку.

belapan.by