Цэнтрабанкі Беларусі і Расеі абмеркавалі „актуальныя пытанні наяўнай дзейнасці”
Актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння разгледзелі прадстаўнікі цэнтральных банкаў Беларусі і Расеі на 51-м пасяджэнні міжбанкаўскага валютнага савета, паведамляе прэс-служба Нацбанка.
У пасяджэнні, якое адбылося 19-20 ліпеня ў Петразаводску (Рэспубліка Карэлія РФ), узялі ўдзел кіраўнікі цэнтрабанкаў дзвюх краін Павел Калаур і Эльвіра Набіуліна.
„Удзельнікі сустрэчы разгледзелі эканамічную сітуацыю і ход рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі і Расеі ў 2019 годзе, абмеркавалі механізмы рэгулявання і нагляду фінансавай сферы, стан банкаўскіх сістэм дзвюх краін, абмяняліся інфармацыяй па іншых актуальных пытаннях наяўнай дзейнасці цэнтральных банкаў Беларусі і Расеі”, — гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнага банка Беларусі.
Нагадаем, старшыня Банка Расеі Набіуліна ў чэрвені заявіла, што з Беларуссю вядуцца перамовы аб стварэнні адзінай валюты, але пакуль яны знаходзяцца на пачатковай стадыі.
„Што да перамоў з Беларуссю, яны сапраўды вядуцца, але ў вельмі пачатковай стадыі. Я нагадаю, што ў нас у саюзным дагаворы гаворка ішла пра магчымы пераход і да адзінай валюты. Але яшчэ раз: мы толькі ў пачатковай стадыі абмеркавання, і, вядома, пакуль размова не ідзе пра тое, каб распаўсюджваць гэта на іншыя краіны ЕАЭС”, — паведаміла Набіуліна.
Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц, адказваючы 10 ліпеня на пытанні БелаПАН, ускосна пацвердзіў журналістам, што пытанне аб стварэнні адзінай валюты з Расеяй абмяркоўваецца.”Пытанні могуць абмяркоўвацца любыя, але гэта не азначаюць, што заўтра мы ўвядзем адзіную валюту”, — падкрэсліў ён.
Беларускі бок, дадаў Калечыц, зыходзіць з таго, што стварэнне адзінай валюты з’яўляецца вянцом інтэграцыйных адносін: „Мы лічым, і пра гэта кажа вопыт Еўрапейскага звяза, што ўвядзенне адзінай валюты з’яўляецца завяршальным этапам інтэграцыі, калі створаныя ўсе неабходныя эканамічныя ўмовы, у тым ліку роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання. Любая адзіная валюта, каб адпавядаць інтарэсам усіх краін, павінна грунтавацца на роўных правах і магчымасцях цэнтральных банкаў адносна грашова-крэдытнай палітыкі”.