Цэнтры занятасці абмяжоўваюць прыём на ўлік
Цэнтры занятасці Гарадзенскай вобласці абмяжоўваюць прыём на ўлік жыхароў рэгіёна, якія страцілі працу.
Гэта выклікана павялічэннем у некалькі разоў колькасці жадаючых атрымаць статус «беспрацоўнага» і, ў выніку, – павялічэннем афіцыйнай лічбы беспрацоўных, якая на Гарадзеншчыне перакрочыла пяцітысячны бар’ер.
Старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў, Аляксандар Бухвостаў, лічыць такія дзеянні спробай схаваць рэальную сітуацыю і прадухіліць рост сацыяльнай напружанасці ў грамадстве:
— Не могуць ні забяспечыць працай,ні знайсці ім працу, ні стварыць магчымасці перанавучання, а калі ствараюць магчымасць перанавучання потым, усё адно, не могуць знайсці працы. Таму, я думаю, што ўзровень беспрацоўя цяпер даволі высокі. Па некаторых заводах ёсць такой цыркуляр пра тое, каб прывесці ў адпаведнасць колькасць.
Асабліва складаная сітуацыя з пастаноўкай на ўлік у цэнтрах занятасці ў буйных гарадах рэгіёна: Гародні, Лідзе, Ваўкавыску і Слоніме. Людзям, якія звярнуліся па атрыманне статусу «беспрацоўнага», па надуманых прычынах адмаўляць у такой магчымасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: tut.by