Цэны на аўтамабільнае паліва вырастуць шосты раз з пачатку года
„Белнафтахім” абвясціў аб шостым сёлета падаражанні аўтамабільнага паліва.
Павышэнне цэн традыцыйна складзе адну капейку, вынікае з паведамлення канцэрна.
З 10 сакавіка раздробныя цэны на маторнае паліва на АЗС складуць: на АІ-92-К5-Еўра — 1,76 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,86 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,08 рубля, дызпаліва — 1,86 рубля.
Канцэрн павышае цэны, „беручы пад увагу тэндэнцыю росту сусветных каціровак нафты, сярэдняе значэнне якіх з 1 па 4 сакавіка 2021 года дасягнула 65,4 даляра ЗША за 1 бараль і ў параўнанні з узроўнем каціровак за студзень 2021 года вырасла на 19%”.
Раней цэны падымаліся 20 і 27 студзеня, 16 і 23 лютага, 2 сакавіка.
Паводле разлікаў Мінфіна, у 2021 годзе паліва падаражэе на 6%. З пачатку года кошт паліва АІ-98-К5-Еўра вырас на 2,97%, АІ-95-К5-Еўра і дызпаліва — на 3,33%, АІ-92-К5-Еўра — на 3,53%.