Цэны на аўтамабільнае паліва зноў выраслі



Кошт аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі 3 сакавіка зноў павялічыцца на капейку, паведамляе канцэрн „Белнафтахім”.

Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,45 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,56 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,77 рубля, дызельнага паліва — 1,56 рубля.

У лютым 2019 года ў параўнанні з лютым 2018-га цана на нафту для Беларусі ў доларавым эквіваленце павялічылася на 13%, у той час як цэны на паліва выраслі на 9%. Гэтым, у прыватнасці, тлумачыць падвышэнне кошту паліва „Белнафтахім”.

„Карэкціроўка цэн ажыццяўляецца не толькі на падставе змен кан’юнктуры нафтавага рынку, але і з улікам змены іншых цэнаўтваральных фактараў — падатковага цяжару, курсу нацыянальнай валюты”, — падкрэсліваецца ў паведамленні канцэрна.

Апошні раз паліва ў Беларусі даражэла 21 лютага — цэны выраслі таксама на адну капейку.

БелаПАН