Цэны на беларускую малочную прадукцыю ў Расеі могуць вырасці
З-за абмежавання паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Расеі могуць вырасці цэны на спажывецкім рынку. Такое меркаванне выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook.
„Цэны для расейскіх спажыўцоў вырастуць”, — адзначыў ён.
Багданаў звярнуў увагу, што Рассельгаснагляд забараніў пастаўляць на расейскі рынак беларускую малочную прадукцыю ў тары ёмістасцю большай за 2,5 літра. „Тут няма ніякай сувязі з якасцю і бяспекай. Адзін і той жа прадукт і можна, і нельга пастаўляць у залежнасці ад тары”, — падкрэсліў прадстаўнік міністэрства.
Паводле даных Мінсельгасхарча, Беларусь у гэтым годзе, як і ў мінулым, планавала паставіць на расейскі рынак 3,5 млн тон малака. „Мы вырабляем усяго 7,3 млн тон у год. З іх каля 4,2 млн экспартуем, у Расею па мінулым годзе — 3,5 млн тон”, — канстатаваў Багданаў.
Нагадаем, Рассельгаснагляд 6 чэрвеня абмяжоўвае доступ беларускіх вытворцаў малочнай прадукцыі на рынак Расеі. Згодна з паведамленнем расейскага ведамства, „у сувязі з паступленнем небяспечнай малочнай прадукцыі” з Беларусі ў Расею прынята рашэнне абмежаваць пастаўкі шэрагу малочных тавараў на расейскі рынак.
Гэтыя абмежаванні будуць дзейнічаць „да ўрэгулявання сітуацыі з арганізацыяй бяспекі беларускай прадукцыі”, паведамляе Рассельгаснагляд. Пры гэтым расейская служба ўдакладніла, што забарона закране ўсю малочную прадукцыю, якая пастаўляецца ў спажывецкай тары аб’ёмам большым за 2,5 літра.
Як паведамлялася раней, у 2017—2018 гадах Рассельгаснагляд увёў шэраг абмежаванняў на пастаўкі беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею. Уведзеныя санкцыі Рассельгаснагляд абгрунтаваў тым, што якасць беларускай прадукцыі не адпавядае дзейным тэхнічным стандартам. У сваю чаргу ўлады Беларусі лічаць, што прэтэнзіі Рассельгаснагляду ў многіх выпадках з’яўляюцца надуманымі і мэта іх — выцясненне беларускай прадукцыі з расейскага рынку.