Цэны на паліва будуць змяняцца паэтапна
Цэны на паліва ў Беларусі будуць змяняцца паэтапна, паведаміў намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў, адказваючы на пытанні БелаПАН у кулуарах міжнароднага навукова-тэхнічнага форуму „Нафтахімія-2018” 28 лістапада ў Менску.
„Стратэгія змены цэн на паліва у 2019 годзе вызначаная. Выбрана паэтапная змена цэн”, — сказаў Сізоў.
22 лістапада „Белнафтахім” ініцыяваў апытанне для высвятлення меркавання грамадскасці аб пераважнай дынаміцы змены цэн на паліва.
„Вынікі галасавання неадназначныя. Галасы пароўну падзяліліся: адны ўдзельнікі галасавання выступілі за адначасовую змену цаны, а іншыя — за эвалюцыйную. Мы вызначылі, што цэны будуць змяняцца паэтапна”, — падкрэсліў Сізоў.
Пры гэтым ён адзначыў, што „Белнафтахім” пастаянна адсочвае фактары, якія ўплываюць на змену цэн на нафту. „Мы сочым за сітуацыяй са зменай абменнага курсу. Таксама робіць уплыў на эканоміку нафтапрадуктаў падатковы складнік. Зыходзячы з гэтых фактараў, будуць змяняцца цэны на паліва”, — паведаміў Сізоў.
Варта адзначыць, што сёлета цэны на паліва змяняліся 25 разоў. Апошні раз яны былі падвышаныя на адну капейку 25 лістапада.