Цэны на сталічныя новабудоўлі выраслі на 4%
На пачатак сакавіка 2018 года сярэдні прырост цэн на новабудоўлі ў Менску ў параўнанні з кастрычнікам мінулага года склаў прыкладна 4%, гаворыцца ў аналітычным матэрыяле групы кампаній „Твая сталіца”.
Так, цэны на аднапакаёвыя кватэры ў класе „Стандарт” выраслі на 3,8% да 1.090 долараў за кв. метр, двухпакаёвыя — на 6% да 1.000 долараў, трохпакаёвыя — на 9,8% да 1.065. Класа „Стандарт” — на 2,5% да 1.240 (для аднапакаёвых), на 5,1% да 1.230 (для двухпакаёвых) і на 10,6% да 1.250 (для трохпакаёвых). Класа „Камфорт” — на 20,1% да 1.730 (для аднапакаёвых), на 9,9% да 1.495 (для двухпакаёвых) і на 16,5% да 1.550 (для трохпакаёвых). Для класа „Прэстыж” — на 1,6% да 1.585, на 0,6% да 1.715 і на 10,6% да 1.775 адпаведна.
„Павелічэнне цэн, якое назіраецца, на наш погляд, занадта інтэнсіўнае. Гэта тлумачыцца, па-першае, тым, што значная частка назапашанага за папярэднія гады адкладзенага попыту на новабудоўлі была рэалізавана ў 2017 годзе. Па-другое, крэдыты са снежня 2017 года падаражэлі. Па-трэцяе, насуперак статыстычным даным, па адчуваннях пакупнікоў рэальныя даходы да гэтага часу не толькі не растуць, але і разам з павелічэннем цэн на прадуктовы кошык і іншыя тавары паўсядзённага попыту нават зніжаюцца. А гэта значыць, што і магчымасці па пагашэнні крэдытаў таксама памяншаюцца”, — лічаць эксперты групы кампаній.
На іх думку, для падтрымання ў далейшым ўстойлівага попыту на новабудоўлі па сфарміраваных на гэты час цэнах, і тым больш для далейшага павелічэння цэн, неабходнае або зніжэнне кошту крэдытаў, або рост даходаў насельніцтва. „А цяпер людзі імкнуцца кампенсаваць павелічэнне цэн тым, што выбіраюць мінімальныя па плошчы і кошту кватэры. Менавіта таму так актыўна раскупляюцца кватэры-студыі і так званыя кватэры еўрафармату з аб’яднанай зонай кухні і гасцінай. Пры гэтым значныя яшчэ ў пачатку 2017 года такія фактары, як шчыльнасць забудовы і этап будаўніцтва, адыходзяць перад цаной і адпаведна мінімальнай плошчай на другі план”, — указваюць эксперты.
Яны таксама адзначаюць, што ў параўнанні з восенню 2017 года цяпер агульны ўзровень попыту на новабудоўлі знізіўся на 15%. „Аднак у дачыненні да зніжэння попыту неабходна ўдакладненне — яно адзначаецца ў асноўным сярод пакупнікоў, якія разлічвалі на набыццё новабудоўлі ў якасці першага жылля. Менавіта яны найбольш залежныя ад даступнасці крэдытаў. І цяпер некаторыя з іх у стане чакання зніжэння стаўкі рэфінансавання, а разам з ёй і кошту крэдытаў. У той жа час сярод пакупнікоў, у якіх ёсць жыллё і яны хочуць замяніць яго на больш прасторнае або новабудоўлю, адчувальнага спаду попыту няма”, — робяць выснову прадстаўнікі групы кампаній „Твая сталіца”.