Цэны ў Беларусі ў верасні зноў пачалі расці



Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў Беларусі ў верасні 2019 года ў параўнанні са жніўнем склаў 100,5%, са снежнем 2018 года — 103,4%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Такім чынам, пасля зафіксаванага ў жніўні зніжэння на 0,2%, у першым месяцы восені цэны зноў перайшлі да росту.

У прыватнасці, цэны на харчовыя тавары ў верасні ў дачыненні да жніўня выраслі на 0,1% (з пачатку года — выраслі на 2,2%), на нехарчовыя — выраслі на 0,9% (з пачатку года на 3,2% ), на паслугі — выраслі на 0,6% (на 5,8%). У цэлым у адносінах да верасня мінулага года спажывецкія цэны выраслі на 5,3%.

Згодна з афіцыйным прагнозам Нацыянальнага банка, у 2019 годзе інфляцыя не павінна перавысіць 5%.

Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур падчас сустрэчы з журналістамі ў жніўні адзначыў, што ў другой палове гэтага года рэгулятар чакае запавольвання інфляцыйных працэсаў. „Паступова сыходзяць праінфляцыйныя фактары другой паловы мінулага і пачатку бягучага гадоў. Гэта паскораны рост заробкаў, кан’юнктурны шок на рынку харчавання, павышэнне цэн на аўтамабільнае паліва на ўнутраным рынку”, — сказаў Калаур.

Як следства, працягнуў ён, адбываецца запаволенне інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў. „Так, у другім квартале 2019 года квартальны тэмп прыросту цэн з выключэннем сезоннасці ацэньваецца менш як 5%. У папярэднія тры кварталы ён быў вышэйшы за мэтавы арыенцір у 5%. Тэндэнцыя памяншэння праінфляцыйнага ўплыву знешніх фактараў на ўнутраныя цэны захаваецца і ў сярэднетэрміновым перыядзе”, — сказаў Калаур.

Ён выказаў здагадку, што з улікам гэтага інфляцыя ў краіне па выніках года складзецца „паблізу 5%”.

У 2018 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 5,6%.

belapan.by