Ці палегчыць жыццё беларусам дэнамінацыя?
Былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае пра плюсы і мінусы дэнамінацыі.
Дэнамінацыя адбудзецца 1 ліпеня, але ўжо ў некаторых крамах цэны на тавар пазначаны, як дэнамінаваныя, каб людзі паступова прызвычайваліся да новых лічбаў.
Станіслаў Багданкевіч: Я заўсёды падкрэсліваў, што дэнамінацыя – проста тэхнічная акцыя ўладаў. Таму зараз у крамах і з′яўляюцца дзве цаны – старая і дэнамінаваная, каб паказаць, што цэны не зменяцца пасля дэнамінацыі, і інфляцыя тут не паўплывае. А, калі цэны і будуць акругляцца, то на невялікую долю адсоткаў.
РР: Якія вы бачыце плюсы ў дэнамінацыі?
Станіслаў Багданкевіч: Менш паперы будзе ў гаманцы, будзе прасцей лічыць. А то ў нас зараз, калі замежнікі памяняюць у Менску тысячу даляраў, то за галаву хапаюцца, калі ў абменніку атрымліваюць 20 мільёнаў рублёў. Зараз жа ўсе беларусы мільянеры, а мільянер – гэта па асацыяцыях вельмі заможны чалавек. Толькі нашы людзі ведаюць, што можна купіць за гэтыя мільёны. Акрамя таго, валюта ўжо будзе не такая дарагая – 1 даляр будзе каштаваць прыкладна 2 рублі. Гэта ўсё-такі не 20 тысяч рублёў за даляр, можа быць, з’явіцца павага да нацыянальнай валюты. Іншая справа, што дэнамінацыя – не рэформа і не выхад з эканамічнага тупіка, у які рухаемся. Таму што інфляцыя працягнецца, калі не будуць развіваць канкурэнцыю вытворцаў, тэхналагічную базу… Нам патрэбны рэформы, а дэнамінацыя – трэцяя справа.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя